Апазіцыя павіншавала беларусаў з 20-годдзем абвяшчэння суверэнітэту

27.07.2010 17:06
Архив Редакция

Апазіцыйныя дэмакратычныя партыі павіншавалі 27 ліпеня беларусаў з 20-годдзем падпісання дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Свае віншаванні жыхарам краіны накіравалі Партыя БНФ, Рух "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, а таксама Аб'яднаная грамадзянская партыя.

«Рашэнне, прынятае Вярхоўным Саветам Беларусі 27 ліпеня 1990, увайшло ў гісторыю нашай краіны як лёсавызначальная падзея, якая адкрыла беларускаму народу шлях да здзяйснення ягонай даўняй мары — свабоднага, годнага, самастойнага жыцця ў сваёй незалежнай дзяржаве», — гаворыцца ў віншаванні Партыі БНФ.

«Партыя БНФ віншуе ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і ўсіх беларусаў свету з юбілеем дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі і жадае ўсім нам трываласці і непахіснасці ў адстойванні яе ідэалаў, у святой справе пабудовы моцнай, незалежнай нацыянальнай дзяржавы», — гаворыцца ў віншаванні.

У сваю чаргу, Аб’яднаная грамадзянская партыя ў сваім віншаванні таксама нагадвае аб тым, што «незалежнасць азначае і магчымасці, і адказнасць». «Магчымасці развіцця Беларусі паводле беларускіх нацыянальных інтарэсаў у гармоніі з навакольным светам. І адказнасць за адраджэнне і развіццё нашай мовы і культуры, адукацыі і навукі, эканомікі і сацыяльнай абароны», — гаворыцца ў віншаванні АГП.

«Наша краіна можа і павінна быць цывілізаванай, дэмакратычнай дзяржавай, якую паважаюць у свеце, — гаворыцца ў віншаванні. — Дзяржавай, дзе галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек, яго правы, свабода, яго здольнасці і праца. Дзяржавай, у якой кіраўніцтва не прызначаецца «зверху», а выбіраецца людзьмі на свабодных і справядлівых выбарах. Дзяржавай, дзе людзі маюць пачуццё ўласнай годнасці і прымушаюць ўладу сябе паважаць».

Как вам новость?