Апазіцыя прапануе Еўрапарламенту правесці слуханні па Беларусі

12.08.2010 17:40
Архив Редакция

Беларуская апазіцыя мае намер прасіць Еўрапарламент правесці слуханні па справе аб знікненні апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Подпісы пад зваротам паставілі ўжо больш за 30 беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Пра гэта паведаміў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Па словах лідара АГП, пад зваротам ужо падпісаліся Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін, Юры Хадыка, Віктар Івашкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Саннікаў і іншыя вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы Беларусі. Збор подпісаў працягваецца, перадае БелаПАН.

Беларускі бок плануе накіраваць зварот на імя старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузека і кіраўнікоў парламенцкіх фракцыяў. «Мы будзем дамагацца, каб слуханні прайшлі ўвосень гэтага года», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Лідар АГП таксама паведаміў, што Генпракуратура Беларусі ўжо больш за месяц не адказвае на ліст адносна ўзбуджэння крымінальнай справы па фактах, якія ўтрымліваліся ў паказаным па расійскім канале НТВ дакументальным фільме «Хросны бацька». «Лічу, што пасля выхаду фільма Генпракуратура павінна была ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да названых у фільме саўдзельнікаў злачынства, альбо ў адносінах да журналістаў НТВ — за распаўсюджанне непраўдзівых звестак», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 5 жніўня прадстаўнікі апазіцыі накіравалі міністрам замежных спраў пастаянных членаў Савета бяспекі ААН — Кітая, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША — звароты з просьбай правесці міжнароднае расследаванне спраў аб знікненні Ганчара, Захаранкі, Красоўскага і Завадскага. Зварот падпісалі Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Саннікаў, Анатоль Лябедзька, Мечыслаў Грыб, Сяргей Калякін, Аляксей Янукевіч, Міхаіл Марыніч і іншыя вядомыя дзеячы апазіцыі.

Как вам новость?