Апазіцыя прапануе падпісваць віртуальныя паштоўкі фігурантам "справы 19 снежня"

15.03.2011 16:55
Архив Редакция

Беларуская апазіцыя стварыла сайт, прысвечаны фігурантам справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. На сайце наведнікам з усяго свету прапаноўваецца падпісаць віртуальныя паштоўкі зняволеным апазіцыянерам. "А тут у Мінску мы раздрукуем гэты тэкст на адваротным баку абранай паштоўкі і пашлем яе", — паведаміў адзін з ініцыятараў акцыі Андрэй Кім.

«Гэта проста і эфектыўна. Дзе б вы ні былі — у Маскве, Празе, Сіэтле, або Нью-Ёрку — вы зможаце адпраўляць словы падтрымкі ў беларускія турмы, не ўстаючы з-за кампутара. Больш за тое, зараз мы працуем над мабільнай версіяй сайта, каб адправіць паштоўку можна было нават па дарозе на працу. Вы можаце выбраць альбо сатырычныя паштоўкі ад Андрэя Більжо, які намаляваў іх спецыяльна для гэтага праекту, альбо іншыя паштоўкі, прысвечаныя правам чалавека», — адзначыў актывіст, перадае БелаПАН.

«Ужо на працягу многіх гадоў мы рэгулярна праводзім кампаніі па адпраўцы паштовак палітвязням. За гэтыя гады тысячы пасланняў прыйшлі тым, хто арыштаваны ў Беларусі за свае перакананні. Я сам быў у зняволенні і ведаю, наколькі важныя словы падтрымкі. За час адсідкі я атрымаў некалькі сотняў такіх паштовак, і кожная з іх была як глыток свежага паветра. Аднак такія кампаніі былі абмежаваныя геаграфічна, не заўсёды атрымлівалася перадаць паштоўку для подпісу людзям з іншых гарадоў, а тым больш краін. Акрамя таго, нават з суседняй Расіі лісты і паштоўкі ідуць у беларускую турму больш за месяц», — заявіў Андрэй Кім.

Актывіст адзначыў, што марыць «аб тым, каб тысячы людзей далучыліся да гэтай кампаніі і адправілі як мага больш паштовак». «Бо тое, што сапраўды трэба беларускім палітвязням, — цёплыя словы падтрымкі і разумення, — можа цяпер даць кожны з нас. Гэта і ёсць салідарнасць», — падкрэсліў ён.

Как вам новость?