Апазіцыя разлічылася за пабітыя вокны Дома ўрада

21.02.2011 14:49
Архив Редакция

Раніцай 21 лютага грамадскія актывісты заплацілі 14,048 млн. рублёў (4,65 тыс. даляраў) кампенсацыі па іску Галоўнага гаспадарчага кіравання пры Адміністрацыі прэзідэнта, што з'яўляецца ўладальнікам Дома ўраду ў Мінску, які быў пададзены супраць фігурантаў справы аб масавых беспарадках праз выбітыя ў будынку шыбы.

Пра гэта Тэлеграфу паведаміла адна з арганізатарак збору Дар’я Каткоўская. «Грошы на рахунак ГГК па даручэнні грамадзян, як мы ўказалі, перавяла кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова. На гэты момант была сабраная толькі палова сумы, і прыйшлося ўносіць свае асабістыя сродкі, каб банк паспеў перавесці грошы да наступнага суда — гэтая аперацыя можа заняць дні два. Таму мы працягваем збор», — патлумачыла грамадская актывістка.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, працяг збору сродкаў праходзіць на мінскім офісе партыі БНФ, які знаходзіцца па адрасе вуліца Машэрава, 8.

Прадоўжаны тэрмін расследавання «справы 19 снежня»

Тым часам, следчыя працягнулі тэрміны расследавання справы аб масавых беспарадках у сталіцы пасля прэзідэнцкіх выбараў, паколькі папярэдняе расследаванне можа праходзіць два месяцы, а гэты тэрмін скончыўся 19 лютага, паведамляе ІА «REGNUM-Беларусь».

«Усім, за выключэннем тых, чые справы рыхтуюцца для накіравання ў суд, падоўжаныя тэрміны расследавання», — заявілі ў праваахоўных органах.

Першым прысудам па справе аб масавых беспарадках стала чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Менавіта такі прысуд Васілю Парфянкову вынесла суддзя Вольга Комар, прызнаўшы маладога чалавека вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Апазіцыянера таксама абавязалі выплаціць кампенсацыю матэрыяльнай шкоды ў памеры больш за 14 млн. рублёў за пабітыя дзверы ў Доме ўрада.

Другі працэс па «справе 19 снежня» пачнецца 22 студзеня ў 10:00 ў Маскоўскім райсудзе Мінску. Будуць судзіць расійскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА па вул. Валадарскага і абвінавачваюцца таксама ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Затым у судзе Фрунзенскага раёна сталіцы будзе разглядацца справа прэс-сакратара экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандра Атрошчанкава. Таксама падыходзіць да канца падрыхтоўка да накіравання ў суд і крымінальная справа яшчэ аднаго фігуранта «справы 19 снежня» Дзмітрыя Мядзведзя.

Как вам новость?