Апазіцыя размяркоўвае пасады ў Альтэрнатыўным ўрадзе

17.06.2010 12:36
Архив Редакция

У Мінску 17 чэрвеня прайшло паседжанне аргкамітэту па стварэнні Альтэрнатыўнага ўрада, ініцыятарам ідэі якога выступіў аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). На паседжанне прыйшліо каля 40 прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадскіх ініцыятываў, а таксама эксперты ў розных галінах. Усім прысутным адразу раздалі пайменны спіс па міністэрствах Альтэрнатыўнага ўрада.

Ініцыятары паседжання па стварэнні Альтэрнатыўнага ўрада не ўказалі толькі імя магчымага прэзідэнта, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі». Адкрываючы паседжанне, сустаршыня БХД Павал Севярынец адразу падкрэсліў, што «на сённяшнім паседжанні ценевы ўрад створаны не будзе» і мэтай цяперашняй сустрэчы з’яўляецца «ўзгадненне пазіцыяў па яго складу».

Павал Севярынец назваў праблемай тое, што ў грамадстве да гэтага часу няма ўяўлення аб тым, якой павінна быць дэмакратычная Беларусь. Па словах сустаршыні БХД, гэтую праблему і закліканы вырашыць альтэрнатыўны ўрад.

«Мы ведаем, што ў свой час ствараліся такія сур’ёзныя структуры — гэта і ценевы ўрад БНФ у пачатку 1990-х гадоў, і Нацыянальны выканаўчы камітэт. Былі спробы стварэння ценевага ўраду ў выгнанні. Аднак выніковасць гэтых структураў была, на жаль, вельмі нізкай», — канстатаваў апазіцыйны палітык, перадае БелаПАН.

«Наша спроба стварыць ценевы ўрад заклікана вырашыць гэтую праблему. Я падкрэсліваю, што ценевы ўрад не з’яўляецца выключна праектам БХД — хутчэй, ён разлічаны на адзінага кандыдата ў прэзідэнты», — сказаў Павал Севярынец.

Севярынец: у Альтэрнатыўным ўрадзе будуць самыя розныя людзі

Па словах апазыцыйнага палітыка, БХД прапануе ўвесці ў ценевы ўрад «самых розных людзей з усіх дэмакратычных палітычных партыяў, якія з’яўляюцца экспертамі ў розных сферах». Павал Севярынец таксама адзначыў, што нават «калі адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах не з’явіцца, гэтыя людзі могуць знайсці паміж сабой агульную мову і ў далейшым працаваць на дэмакратычную Беларусь».

Сустаршыня БХД паведаміў, што ў найбліжэйшыя тры месяцы плануецца правесці шэраг прэзентацый для вызначэння экспертамі агульнай пазіцыі фармавання Альтэрнатыўнага ўрада. Затым аналагічныя прэзентацыі і круглыя сталы плануецца праводзіць для прадстаўнікоў міністэрстваў, дадаў апазіцыйны палітык.

Мілінкевічу далі партфель кіраўніка МЗС, Волчаку — МУС

У спісе па міністэрствах Альтэрнатыўнага ўрада, якое атрымалі ўдзельнікі паседжання, партфелі ў міністэрстве фінансаў прапаноўваецца аддаць Станіславу Багданкевічу, Яраславу Раманчуку і Аляксандру Чубрыку. У міністэрстве эканомікі — Сяргею Чаламу, Леаніду Злотнікаву, Міхаілу Залескаму і Георгію Дзмітрук.

Партфелі ў міністэрстве замежных спраў Альтэрнатыўнага ўрада прапаноўваецца ўручыць Аляксандру Мілінкевічу, Андрэю Саннікаву і Пятру Краўчанку. У міністэрстве інфармацыі — Жанне Літвіной, Пятру Марцаву, Андрэю Дыньку, Аляксандру Старыкевічу і Іосіфу Сярэдзічу.

Аднак, знайшліся і тыя, у каго гэты спіс выклікаў здзіўленне. Так, Аляксандр Старыкевіч пацікавіўся, чаму яго вырашылі прызначыць на працу ў мінінфармацыі, нават не даведаўшыся аб яго жаданні, і дадаў, што такога жадання ў яго няма.

У сваю чаргу, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтв»» Алег Волчак, якому ў Альтэрнатыўным ўрадзе аддалі партфель у міністэрстве ўнутраных спраў, сказаў, што з задавальненнем стане генеральным пракурорам.

Удзел у паседжанні прынялі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Яраслаў Раманчук, Мечыслаў Грыб і Віталь Рымашэўскі. Акрамя іх прысутнічалі таксама Аляксандр Казулін, Аляксандр Ярашук, Сяргей Калякін, Генадзь Грушавы. Мерапрыемства наведалі амбасадар Вялікабрытаніі, прадстаўнікі вугорскага амбасады, прадстаўніцтвы АБСЕ.

Как вам новость?
Головоломки