Апазіцыя рыхтуецца правесці "Беларускі сход"

26.05.2011 14:01
Архив Редакция

Апазіцыйныя партыі і прафсаюзныя арганізацыі Беларусі ініцыююць правядзенне Усебеларускага народнага сходу. Як растлумачыў 26 траўня старшыня Прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, прапануецца 8 кастрычніка адначасова па ўсёй Беларусі правесці сходы, на якіх грамадзяне маглі б абмеркаваць цяперашнюю сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне.

«Сённяшняе становішча складваецца так, што многія людзі звяртаюцца па дапамогу ў прафсаюзы, але ў нас няма адзінага штаба, які мог бы каардынаваць пратэстныя настроі людзей», — адзначыў Генадзь Фядыніч.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Леў Марголін у сваю чаргу патлумачыў, што на сходах плануецца агучыць патрабаванні ўраду аб неадкладнай адстаўцы ўсяго кіраўніцтва краіны, перадае РИА «Новости».

«Цяперашняя ўлада вінаватая два разы. Па-першае, у тым, што давяла эканоміку да такога стану, а па-другое — у тым, што не выпрацавала праграму пераадолення крызісу», — заявіў Леў Марголін.

У сваю чаргу кіраўнік аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч адзначыў, што мэтай Усебеларускага народнага сходу з’яўляецца прадстаўленне своеасаблівай пляцоўкі для пратэсту для тых людзей, «якія цяпер праводзяць мітынгі ў чэргах, на кухнях, на працоўных месцах». «Наша мэта, каб людзі ўбачылі, што іх шмат, каб яны перасталі думаць, што ад іх нічога не залежыць», — падкрэсліў Віктар Івашкевіч.

На думку палітыка, актыўны ўдзел у будучым сходзе павінны прыняць і прадстаўнікі апазіцыі. «Яны павінны будуць выйсці да людзей, наладзіць з імі зносіны, расказаць пра тое, якія яны выпрацавалі антыкрызісныя праграмы», — лічыць Віктар Івашкевіч.

Как вам новость?