Апазіцыя заклікае сябе да кансалідацыі перад выбарамі

27.05.2010 14:31
Архив Редакция

26 траўня адбылося паседжанне круглага стала па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Па выніках абмеркавання лідары апазіцыі прынялі дакумент, у якім падкрэсліваецца неабходнасць кансалідацыі дэмакратычных сіл Беларусі перад выбарамі.

У паседжанні прынялі ўдзел каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, член партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідар АГП Анатоль Лябедзька, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук, перадае сайт АДС.
«Кампанія па выбарах прэзідэнта пройдзе ва ўмовах рэпрэсій і спробаў запалохаць незалежнае грамадства, — такі прагноз агучаны ў прынятай па выніках сустрэчы заяве. — Існы рэжым будзе душыць дэмакратычныя СМІ, праводзіць рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў — членаў камандаў апазіцыйных кандыдатаў, у тым ліку іх масавыя арышты напярэдадні галасавання па сфабрыкаваных абвінавачаннях».
Апазіцыя прагназуе, што рэальная яўка на выбарах «будзе завышана цалкам падкантрольнымі рэжыму выбарчымі камісіямі на 20-30%». «Абвешчаны ЦВК афіцыйны вынік выбараў (85-90% за дзейснага кіраўніка дзяржавы) не будзе ніякім чынам звязаны з рэальным волевыяўленнем беларускага народа», — гаворыцца ў дакуменце.
«Згаданыя прагнозныя ўмовы патрабуюць ад дэмакратычных сілаў Беларусі кансалідацыі і распрацоўкі адпаведнай стратэгіі, накіраванай на тое, каб вышэйпададзеныя прагнозы не апраўдаліся, — падагульняецца ў дакуменце. — Яны таксама накладваюць пэўную адказнасць на міжнародную супольнасць, перад якой у ацэнцы вынікаў прэзідэнцкай кампаніі ўстане выбар паміж каштоўнасцямі і прагматычнымі інтарэсамі».

Как вам новость?
Головоломки