Апазіцыянера Башуру аштрафавалі на 5,8 тыс. даляраў

20.10.2010 10:28
Архив Редакция

Суд прызнаў актывіста грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Міхася Башуру вінаватым па артыкуле 380 КК Беларусі (Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Нягледзячы на тое, што апазіцыянер цалкам адмаўляў сваю віну, 19 кастрычніка суд Савецкага раёна Мінску прызнаў яго вінаватым і аштрафаваў на 17,5 млн. рублёў.

Пасля абвяшчэння прысуду Міхася Башуру вызвалілі ў зале суду пад падпіску аб нявыездзе, паведамілі ў кампаніі «Гавары праўду!».

«Я нязгодны з прысудам, будзем раіцца з маім адвакатам наконт абскарджання… Асноўная прычына, па якой мяне трымалі за кратамі, — мая дзейнасць у рамках кампаніі «Гавары праўду!», і следства гэтага не хавала», — сказаў актывіст пасля вызвалення.

«Але добра ўжо тое, што я ўсё-ткі на свабодзе. Я думаю, што дзянёк адпачну, а праз дзянёк ўжо пачну займацца працай: трэба праводзіць прэзентацыю маёй кнігі, якая выйшла, трэба займацца грамадскай дзейнасцю. Тым больш, што ў турме я часу не губляў — у мяне ёсць пэўныя планы, канкрэтныя задумкі… Папярэдне скажу, што за кратамі паміраюць здаровыя людзі: людзі, якія прыйшлі туды здаровымі, там паміраюць. Літаральна нядаўна памерлі два чалавекі. На Валадарцы. Па-ранейшаму буду займацца кампаніяй «Гавары праўду», — дадаў Міхась Башура.
 
Паплечнікі актывіста рашэннем суда натхнёныя, бо асцерагаліся, што Міхася Башуру пакінуць на паўгады за кратамі. «Праўда перамагла! Тое, што адбылося ў судзе Савецкага раёна Мінску, — гэта не прыватная перамога Башуры і яго адваката Тамары Сідарэнка, якая бліскуча правяла ўвесь працэс. Гэта не толькі перамога кампаніі «Гавары праўду!» у адстойванні свайго актывіста. Гэта перамога беларускай грамадзянскай супольнасці ў барацьбе з палітычным рэжымам Лукашэнкі, які відавочна пачаў слабець. Рашэнне суддзі Палулехі — не толькі і не столькі паказвае на справядлівасць суда, колькі паказвае паслабленне рэжыму: яго перастаюць баяцца», — пракаментаваў лідар кампаніі« Гавары праўду!», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Міхася Башуру абвінавацілі ў тым, што ён наўмысна падрабіў даведку аб сваіх даходах для атрымання яго жонкай грашовага крэдыту ў банку. Аднак, мужчына сваёй віны не прызнае. 11 кастрычніка суд пачаў працэс па справе.

Как вам новость?
Головоломки