Апазіцыйнае апытанне пацвердзіла перамогу Лукашэнкі на выбарах

19.01.2011 12:24
Архив Редакция

Эксперты Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) апублікавалі вынікі чарговага сацыялагічнага апытання. У ім незалежныя сацыёлагі пацвярджаюць той факт, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Аляксандар Лукашэнка. Паводле сацапытанняў, за яго прагаласавала 51,1% беларусаў: у Мінску — 39,9%, у сельскай мясцовасці — 62,3%.

Варта адзначыць, то НІСЭПД зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова, а ў Беларусі афіцыйнай рэгістрацыі не мае. Акрэдытацыю на правядзенне exit-polls у дзень выбараў інстытут таксама не атрымаў.

Паводле апублікаваных вынікаў сацапытання, у 2010 годзе на прэзідэнцкія выбары прыйшлі 87-88% выбаршчыкаў, практычна такая ж колькасць, як на выбары 2006 года. Разам з тым, па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, у выбарах прынялі ўдзел 91% выбаршчыкаў.

У датэрміновым галасаванні, па дадзеных НІСЭПД, прынялі ўдзел каля 20% выбаршчыкаў (паводле афіцыйных дадзеных — 23%). Акрамя таго, па інфармацыі сацыёлагаў, з ліку тых, хто прагаласаваў датэрмінова 17,3% заявілі, што зрабілі гэта па ўласнай ініцыятыве, а 3,2% — што іх да гэтага змусілі.

Па выніках сацапытання, бліжэйшым супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах стаў Уладзімір Някляеў — за яго прагаласавала 8,3% выбаршчыкаў. За Андрэя Саннікава, па дадзеных НІСЭПД, прагаласавала 6,1% выбаршчыкаў, за Віталя Рымашэўскага — 3,7%, за Яраслава Раманчука — 3,2%, за Алеся Міхалевіча — 2,7%. За Мікалая Статкевіча, па выніках сацапытання, свой голас аддалі 1,7% выбаршчыкаў, за Рыгора Кастусёва — 1,6%, за Віктара Цярэшчанку — 0,6%, за Дзмітрыя Уса — 0,5%. Усе апаненты Аляксандра Лукашэнкі разам набралі 28,4% галасоў. Супраць усіх прагаласавалі 5,1% выбаршчыкаў, а адказаць на дадзенае пытанне не захацелі 3,8% рэспандэнтаў.

НІСЭПД: 32,3% беларусаў лічаць прэзідэнцкія выбары несправядлівымі

Акрамя таго, незалежныя сацыёлагі даследавалі асабістае меркаванне беларусаў з нагоды праведзеных выбараў. У выніку высветлілася, што 54,4% апытаных лічаць, што прэзідэнцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі. 32,3% рэспандэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання.

Каля 27,6% апытаных лічаць справядлівым рашэнне еўрапейскіх краін не прызнаваць вынікі беларускіх выбараў, бо яны не адпавядаюць стандартам АБСЕ, а таксама выступаюць за правядзенне паўторных выбараў. Процілеглага меркавання прытрымліваюцца 46,9% рэспандэнтаў.

Акрамя таго, у даследаванні сацыёлагаў гаворыцца аб «эканамічным самаадчуванні» беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 гады, інфармацыйным асвятленні прэзідэнцкай кампаніі, а таксама аб змене ў знешнепалітычных перавагах беларусаў. З вынікамі даследавання можна азнаёміцца на афіцыйным сайце НІСЭПД.

Как вам новость?
Головоломки