Апазіцыйныя палітыкі хочуць высунуць агульныя патрабаванні да тэледэбатаў

08.10.2010 12:29
Архив Редакция

Прэтэндэнты на прэзідэнцкі пост Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў і Яраслаў Раманчук плануюць зрабіць сумесную заяву, у якой агучаць свае патрабаванні да правядзення тэледэбатаў кандыдатаў. З такой ініцыятывай выступіў лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў.

Паводле яго слоў, асноўным патрабаваннем большасці апазіцыйных палітыкаў з’яўляецца правядзенне тэледэбатаў ў прамым эфіры, а не ў запісе. Уладзімір Някляеў лічыць, што Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія (НДТРК), якія выступаюць арганізатарамі тэледэбатаў, павінны ўлічваць і меркаванні кандыдатаў.

«Гэта можа быць толькі ў прамым эфіры, каб не было ніякага скажэння. Людзі павінны бачыць усё ў рэальнасці — бачыць, з кім яны маюць справу, што кандыдат кажа, як ён гэта кажа, у якіх сітуацыях ён гэта кажа. А не пасля маніпуляцыі тэлетхнічнымі сродкамі», — заявіў Уладзімір Някляеў.

Калі ж дэбаты будуць паказваць у запісе, то, па словах палітыка, «галоўным героем будзе выступаць не кандыдат ці хто-небудзь іншы, а мантаж».

Раманчук не збіраецца ўдзельнічаць у тэледэбатах у запісе

З такім меркаваннем згодзен і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. «Можна так змантажаваць праграму, што потым сам сябе не пазнаеш. У 2006 годзе я быў на тэледэбатах, прадстаўляў адзінага кандыдата. І тады ў студыі гаворка ішла аб адным, а тое, што мы ўбачылі па БТ, было зусім іншым», — распавёў намеснік старшыні АГП. Па гэтай прычыне Яраслаў Раманчук на тэледэбаты ў запісе, хутчэй за ўсё, не пагодзіцца.

У той жа час намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які таксама вылучае сваю кандыдатуру на прэзідэнцкі пост, заявіў, што пойдзе на тэледэбаты ў кожным разе, нават калі яны будуць транслявацца ў запісе. «Калі іншага варыянту не будзе, давядзецца ісці на гэта», — падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

У сваю чаргу адзін з лідараў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, які прэтэндуе на пасаду кіраўніка дзяржавы, таксама не бачыць сэнсу адмаўляцца ад дэбатаў, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Пытанне, вядома, у форме, якую абярэ для іх наша тэлебачанне. Безумоўна, яна можа быць і абсалютна непрымальная. Але гэта пакажа час. А пакуль я не бачу падстаў адмаўляцца», — растлумачыў Віталь Рымашэўскі.

ЦВК: пратаколу вядзення тэледэбатаў пакуль няма

Разам з тым, правілы правядзення тэледэбатаў, пакуль яшчэ не вызначаны. Старшыня НДТРК Аляксандр Зімоўскі пакуль не стаў нічога каментаваць, а сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што ў Беларусі няма пэўнага пратаколу, паводле якога маглі б быць праведзены тэледэбаты.

«Як будуць праходзіць тэледэбаты — гэта пакуль Зімоўскі выказваў сваё ўласнае меркаванне. Рашэнне ж прымае ЦВК. І ў канчатковым варыянце можа быць і так, і крыху інакш. А можа і істотна адрознівацца ад гэтай прапановы», — рассказаў Мікалай Лазавік.

Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, тэледэбаты хутчэй за ўсё будуць весціся на працягу гадзіны. Удзельнічаць у іх будуць не два, а больш кандыдатаў — гэта будзе падобна на бліц-апытанне, падчас якога «кандыдаты змогуць выказаць свае погляды на самыя галоўныя пытанні быцця і жыцця краіны».

Как вам новость?
Головоломки