Апытанне: беларусы перад выбарамі выказваюцца за новага чалавека

10.09.2010 15:31
Архив Редакция

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у краіне беларусы выказваюцца за новага чалавека ў якасці кіраўніка дзяржавы, хаця большасць насельніцтва пакуль не бачыць годнага прэтэндэнта. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага літоўскай кампаніяй Baltic Surveys.

Па словах дырэктара літоўскай сацыялягічнай кампаніі Baltic Surveys Расы Алішаўскене, электаральная падтрымка дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стабільная. Аднак, праведзенае апытанне паказала, што ўсё больш людзей не ведаюць, як сябе паводзіць на выбарах, таму што яны не бачаць альтэрнатыў, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Вынікі даследавання паказваюць, што беларускі электарат не бачыць нікога з дзейных чыноўнікаў у якасці замены Аляксандру Лукашэнку. «Праблема ў тым, што, на адрозненне ад многіх іншых краінаў, у Беларусі мала прозвішчаў, якія было б лёгка пазнаць. Акрамя прэзідэнта і прэм’ера, у прынцыпе, нікога і няма. А нават калі і ўспомняць каго, то лічаць іх простымі выканаўцамі і не звязваюць іх з палітычнай дзейнасцю, не бачаць у іх асобах лідараў», — патлумачыла Раса Алішаўскене.

Так, у выніку сацапытання літоўскія эксперты высветлілі, што рэйтынгі даверу беларускіх апазіцыйных лідараў вельмі нізкія: Аляксандра Мілінкевіча — 4,5%, Уладзіміра Някляева — 3%, Анатоля Лябедзькі — 1,6%. У той час як амаль палова беларусаў (46%) цэняць меркаванне Аляксандра Лукашэнкі больш, чым меркаванні іншых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў.

Разам з тым, як паказвае сацапытанне, 18,8% беларусаў лічаць, што паміж рэчаіснасцю і тым, што пра яе паказваюць, існуе вялікая розніца.

У той жа час, як раней перадаваў Тэлеграф, паводле сацапытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, сярод органаў дзяржаўнай улады найбольшым даверам грамадзян Беларусі карыстаецца менавіта прэзідэнт рэспублікі. Пра гэта заявіла 80% удзельнікаў апытання. Па дадзеных гэтага даследавання, узровень даверу грамадзянаў Аляксандру Лукашэнку застаецца практычна нязменным з 2007 года.

Как вам новость?