Арганізатары акцыі "Стоп бензін": не паддавайцеся на правакацыі

07.06.2011 13:20
Архив Редакция

Арганізатары грамадзянскай кампаніі "Стоп бензін" 7 чэрвеня выступілі з заявай, у якой заклікаюць аўтаўладальнікаў "быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны, адстойваючы свае правы" падчас акцый пратэсту. "Пры кантактах або прэтэнзіях з боку праваахоўных органаў захоўвайце вытрымку, не паддавайцеся на правакацыі, не ўступайце ў нервовыя сваркі", — пішуць яны.

Таксама аўтары дакумента нагадваюць, што папярэднія акцыі дапамагалі адтэрмінаваць павышэнне коштаў на паліва ці хаця б звярнуць на праблему ўвагу ўладаў. «Цяпер і «Белнафтахім», і іншыя чыноўнікі думаюць, перш чым пачынаць цэнавую гонку на рынку нафтапрадуктаў», — гаворыцца ў заяве.

«Аднак, нягледзячы на перадышку, нас, аўтамабілістаў, хочуць загнаць у чарговую фінансавую яму і давесці да галечы. Нават з існымі коштамі на паліва мы вымушаныя лічыць кожны кіламетр. А ў выпадку іх ўзняцця многія будуць вымушаныя паставіць машыны на стаянку да лепшых часоў і адправіцца па сваіх справах у перапоўненым і душным грамадскім транспарце, які, да таго ж, не зможа змясціць усіх жадаючых. У людзей больш не засталося сіл пераадольваць складанасці і цярпець здзек!» — гавораць аўтары дакумента.

Яны заклікаюць неабыякавых 7 чэрвеня з 19:00 стыхійна збірацца малымі групамі на прылеглых вуліцах у дварах уздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску. Адны аўтаўладальнікі могуць збірацца ў раёне Інстытута Культуры — Галоўпаштамта, іншыя — у раёне Нацыянальнай Бібліятэкі — вуліцы Талбухіна, каб у 19:20 дзвюма калонамі насустрач адно аднаму паехаць у бок плошчы Якуба Коласа. У 19:30 калоны павінны сустрэцца. Тады аўтамабілістам прапануецца прывязаць белыя стужачкі да антэнаў машын, прыляпіць спецыяльныя налепкі і паступова сабрацца ў агульную калону.

«Уключаная аварыйка будзе служыць сігналам для аб’яднання. Налепкі рэкамендуем ляпіць на кузаў аўтамабіля (г.зн. на металічныя часткі) або на падгалоўнікі задніх сядзенняў так, каб яны былі добра прыкметныя звонку — для таго, каб вас не абвінавацілі ў тым, што на шкле ўстаноўлены прадметы і нанесены пакрыцці, якія абмяжоўваюць бачнасць», — прапануюць арганізатары акцыі.

Сустрэўшыся на ўчастку ад плошчы Якуба Коласа да цырка, пры з’яўленні сустрэчных машын удзельнікі акцыі маюць намер хаатычна спыняцца на розных палосах руху, адчыняць капот, багажнік, даставаць пустыя каністры і праводзіць 15-хвілінны «рамонт» свайго аўтамабіля, у якога нібыта скончыўся бензін або які перастаў ехаць.

«Тым самым мы паралізуюем галоўную магістраль, прылеглыя вуліцы і данясем сваю незадаволенасць сітуацыяй, якая склалася — ростам кошту паліва і зніжэннем нашага ўзроўню жыцця», — пішуць аўтары заявы.

«Пераканаўчая просьба да ўсіх удзельнікаў не займаць крайнюю правую паласу для забеспячэння бесперашкоднага праезду грамадскага транспарту», — папярэджваюць яны.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у ноч на 7 чэрвеня канцэрн «Белнафтахім» падняў раздробныя кошты на аўтамабільнае паліва. Кошт ДТ цяпер складае 5100 рублёў за літр, бензіну А92 — 5 100 рублёў за літр, А95 — 5 800 рублёў за літр, А80 — 4 950 рублёў за літр. У сярэднім цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца праз АЗС, павялічыліся на 31%. Гэта ўжо чацвертае павышэнне ў гэтым годзе цэнаў на паліва і другое за апошнія пару тыдняў.

Как вам новость?
Головоломки