Арганізатары "Стоп бензіну" не збіраюцца далучацца да маўклівых акцыяў

16.06.2011 16:07
Архив Редакция

Адзін з лідараў кампаніі "Стоп бензін" Арцём Шаркоў лічыць, што маўклівыя акцыі пратэсту, якія праводзяць беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак па серадах, не спрыяюць абароне інтарэсаў аўтамабілістаў. "Кожная акцыя павінна мець канкрэтны сэнс. Калі рабіць акцыю дзеля акцыі, то я нават як просты грамадзянін у ёй удзельнічаць не буду", — заявіў ён.

«Акцыя — гэта толькі інструмент для дасягнення канкрэтных мэтаў. Калі пытанне стаіць непасрэдна ў цэнах у крамах, наконт валюты, то сядайце і выпрацоўваць свае прапановы да адміністрацыі, да ўрада, накіроўвайце іх туды. Размаўляйце з імі. Калі не будуць слухаць, то рабіце акцыі, але ў тым жа выпадку кажыце, што ў нас ёсць іншае бачанне. Калі аўтааматары выязджалі на акцыі, то мы накіроўвалі і ў «Белнафтахім», і а Адміністрацыю прэзідэнта, і ва ўрад канкрэтна свае прапановы, што трэба рабіць і як трэба зрабіць», — растлумачыў Арцём Шаркоў.

Ён таксама не мае намеру далучыцца да акцыі пратэсту на аўтамабілях, якую грамадскія актывісты плануюць правесці 22 чэрвеня ў Мінску, нягледзячы на тое, што па спосабе правядзення яна будзе нагадваць акцыю «Стоп бензін«. Так, арганізатары заклікаюць павольна ехаць у бок Кастрычніцкай плошчы, а там ўключыць аварыйныя сігналы.

«Аўтамабілісты не пратэстуюць проста так і, тым больш, маўкліва. Калі аўтамабілісты выходзяць на нейкія акцыі, праводзяць нейкія акцыі, то дзеля дасягнення нейкіх мэтаў, у дадзеным выпадку — гэта адстойванне сваіх інтарэсаў, сваіх правоў. Што тычыцца маўклівых акцый, дзе тут інтарэсы аўтааматараў? Дзе тут наогул нейкія патрабаванні, дзе нашы пункты перасячэння?» — цытуе маладога чалавека «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Арганізатары маўклівых акцый — гэта людзі без арганізатараў, гэта людзі, якія выходзяць самі па сабе. Людзі, якія хочуць нейкіх зменаў, не ведаючы, якіх зменаў. Можа гэта і добра, але які сэнс?» — дадаў Арцём Шаркоў.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, увечары 15 чэрвеня супрацоўнікі спецназу і міліцыі паставілі па перыметры Кастрычніцкай плошчы ў Мінску загараджальныя турнікеты, паколькі карыстачы сацыяльных сетак збіраліся правесці тут акцыю грамадзянскага пратэсту ў сувязі з крызісам. Перакрытыя былі таксама плошча Свабоды, некаторыя цэнтральныя вуліцы горада, зачыненыя станцыі метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская».

Тым не менш, людзі, якія прыйшлі падтрымаць акцыю, заставаліся на прылеглых да Кастрычніцкай плошчы вуліцах, пляскалі ў далоні, свісцелі. Кіроўцы аўтамабіляў, якія праязджалі міма, таксама сігналілі на знак салідарнасці з удзельнікамі акцыі.

Как вам новость?