Арыштаваных у Грузіі беларусаў адпусцілі

22.10.2010 09:54
Архив Редакция

Двух грамадзян Беларусі, затрыманых грузінскай паліцыяй 2 кастрычніка за незаконнае знаходжанне ў Абхазіі, вызвалілі па рашэнні суда. Суд абмежаваўся умоўным пакараннем без спагнання штрафу, прысудзіўшы мужу і жонцы з Берасця адзін год. Ужо праз месяц, пасля афармлення ўсіх неабходных дакументаў, беларусы змогуць пакінуць Грузію.

Беларускія грамадзяне прабылі ў грузінскай турме амаль тры месяцы за наведванне манастыра ў Абхазіі. Як растлумачыў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, Грузія «разглядае ўезд на тэрыторыю Абхазіі з любой іншай тэрыторыі, акрамя тэрыторыі самой Грузіі, як крымінальнае злачынства, якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў», перадае БелаПАН.

МЗС Беларусі, па словах Андрэя Савіных, падключыўся да вырашэння праблемы, звязанай з затрыманнем беларускіх грамадзян, адразу пасля атрымання інфармацыі па гэтай справе, яшчэ ў пачатку кастрычніка.

Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак затрымання беларусаў уладамі Грузіі за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі Абхазіі. Аналагічны інцыдэнт адбыўся летам 2009 года. Тады грамадзянка Беларусі правяла ў грузінскай турме каля 50 дзён і была вызвалена пасля выплаты буйнага штрафу. Сума штрафу тады не называлася, аднак па грузінскім заканадаўстве альтэрнатывай пазбаўлення волі з`яўляецца штраф у памеры ад трох да пяці тысяч даляраў.

Как вам новость?