Аштрафаваная за "Стоп бензін" дзяўчына мае намер і далей пратэставаць

09.06.2011 15:37
Архив

Аштрафаваная за ўдзел 7 чэрвеня ў акцыі аўтамабілістаў "Стоп бензін" 19-гадовая студэнтка Мінскага тэхнікума прадпрымальніцтва Алеся Макась аб тым, што здарылася не шкадуе і мае намер і далей пратэставаць. "Тым больш, мы дамагліся, чаго хацелі, а менавіта - зніжэння коштаў на паліва", - адзначыла дзяўчына.

«Я была не на машыне, ішла ў майцы «Гавары праўду!» з бел-чырвона-белай павязкай на руцэ, трымаючы ўлётку «Стоп бензін». На мяне паказалі са словамі «Яе!» І пацягнулі ў мікрааўтобус. У гэты час тады яшчэ не знаёмы мне юнак пачаў крычаць «Ганьба!» (Дзмітры Кавалгін — Тэлеграф), людзі падхапілі, але і яго таксама затрымалі», — распавяла Алеся Макась, перадаюць «Беларускія навіны«.

Па словах дзяўчыны, указанні спецназу, каго затрымліваць, аддаваў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў, паказваючы пальцам на тых, каго затрымліваць. «На маё пытанне, за што мяне затрымліваюць, адказвалі: «За мітынг». Да прыкладна 23:20 мы ўсе былі ў РАУС, пасля чаго нас адвезлі на Акрэсціна. Ніхто нам не казаў, у чым мы абвінавачаныя», — адзначыла студэнтка.

Як паведамляў Тэлеграф, суд Цэнтральнага раёна Мінску 8 чэрвеня аштрафаваў Алесю Макась на 525 тыс. рублёў. Дзяўчыну затрымалі каля 20:30 на праспекце Незалежнасці каля парка Янкі Купалы за тое, што стаяла з плакатам «Стоп бензін».