Аўстрыя выступіла супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі

12.05.2010 10:48
Архив Редакция

На слуханнях у Вене, якія адбыліся 11 траўня, прадстаўнікі грамадскасці, міністэрстваў і федэральных земляў Аўстрыі выступілі супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Прадстаўнік экалагічнай службы ўрада Верхняй Аўстрыі Герхард Лойдль, падводзячы вынік слуханняў, заявіў, што інфармацыя, якая была прадстаўлена на слуханнях афіцыйнай беларускай дэлегацыяй, з'яўляецца бяздоказнай.

«Не даказана, што праект «АЭС-2006» можна аднесці да «пакалення 3+». Уплыў АЭС на навакольнае асяроддзе аналізуецца не цалкам, — падкрэсліў Герхард Лойдль. — Няма ніякай выразнасці ў пытаннях абыходжання з адыходамі і з захоўваннем АЯП. Няясна, што адбудзецца ў выпадку падзення на ахоўны корпус рэактара пасажырскага самалёта. Магчымасці выкарыстання ўзнаўляльных крыніцаў энергіі ацэнены няправільна, няма яснасці са сцэнарамі найбольш цяжкіх аварый. Наша выснова: праект не гатовы. Просім прыпыніць яго рэалізацыю».
У экспертным заключэнні па папярэдняй АУНА беларускай АЭС, якое падрыхтавала група даследнікаў на замову міністэрства навакольнага асяроддзя Аўстрыі, праекту АЭС у Беларусі таксама была дадзена негатыўная ацэнка, паведамляе БелаПАН.
У сваю чаргу, доктар Антонія Вэніш з Аўстрыйскага інстытута экалогіі, суаўтар экспертнага заключэння, заявіла на слуханнях: «Прадстаўленая па афіцыйных каналах інфармацыя пра беларускую АЭС не змяшчае аналізу рызык. Чаму ў нас няма гэтай інфармацыі? Верагоднасць катастрофы не выключана на 100%. Гэта пытанне важнае для Аўстрыі».
Тым часам, па словах прадстаўніка аўстрыйскай грамадскай арганізацыі «Global 2000» Рэйнхарда Урыга, пляцоўка будучай беларускай АЭС «знаходзіцца прыблізна на такой жа адлегласці ад Аўстрыі, што і Чарнобыльская АЭС». «Каля 3% чарнобыльскіх радыёнуклідаў выпала ў Аўстрыі, і мы не жадаем, каб гэта паўтарылася, таму мы супраць», — заявіў Рэйнхард Урыг. 
Па запрашэнні «Global 2000» у Вену прыехалі прадстаўнікі грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС Ірына Сухі (ГА «Экадом») і Андрэй Ажароўскі (група «Экозащита»), якія на слуханнях таксама прадставілі заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы, у якім сказана пра непрымальнасць і павышаную небяспеку праекту Астравецкай АЭС. 
Акрамя гэтага, вядоўца слуханняў, прадстаўнік міністэрства навакольнага асяроддзя Аўстрыі Вільгельм Фогель паведаміў, што «па выніках кансультацый і слуханняў па беларускай АЭС будзе складзены дакумент, які будзе афіцыйна накіраваны ў Беларусь».

Как вам новость?
Головоломки