Аўтааматары Беларусі працягнуць барацьбу за зніжэнне коштаў на бензін

16.06.2010 13:50
Архив Редакция

Арганізатары акцыі "Стоп-бензін" чакаюць адказу на свой калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, які яны накіравалі першага чэрвеня з патрабаваннем перагледзець парадак фармавання адпускных цэнаў канцэрна "Белнафтахім" на нафтапрадукты. Таксама актывісты маюць намер прадоўжыць распаўсюджваць пратэстную сімволіку (налепкі).

«Ад адказу на наш зварот будзе залежаць далейшае развіццё падзей», — паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Канстанцін Міхайлаў.

Ініцыятыўны аўтааматар не выключыў магчымасць правядзення яшчэ некалькіх паказальных акцыяў пратэсту, накшталт той, што прайшла ў Мінску чацвёртага чэрвеня супраць росту коштаў на бензін больш чым на 15% з пачатку года, паведамляе БелаПАН. Акцыя пройдзе ў тым выпадку, калі чыноўнікі будуць і далей ігнараваць патрабаванні аўтааматараў.

Таксама арганізатары акцыі планавалі абмеркаваць з прадстаўнікамі канцэрна «Белнафтахім» пытанні коштаўтварэння на нафтапрадукты. Аднак з канцэрна прыйшла адмова з абгрунтаваннем, што «уся вычарпальная інфармацыя аб прычынах змены коштаў на нафтапрадукты аператыўна размяшчаецца на сайце «Белнафтахіма».

Как вам новость?