Аўтадылеры будуць мяняць старыя машыны на новыя з даплатай

13.07.2010 17:30
Архив Редакция

Беларускія аўтадылеры хочуць развіваць у Беларусі сістэму trade-in - паслугу па абмене старога аўтамабіля на новы з даплатай. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) звярнулася з адпаведнай прапановай да ўрада.

БАА просіць ўрад разгледзець магчымасць змены падатковага заканадаўства і даць аўтадылерам права выплочваць ПДВ толькі з дадатковага кошту прададзенага аўто. «Гэта дазволіць аўтадылерам вывесці з ценю рынак ужыванай аўтатэхнікі і павялічыць адлічэнні ў бюджэт», — кажа старшыня праўлення БАА Сяргей Міхневіч.

У цяперашні час аўтадылерам нявыгадна займацца гэтым бізнэсам. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам аўтадылеры, набываючы ужываны аўтамабіль, фармуюць адпускную цану для наступнага перапродажу з улікам ПДВ, які выплачваецца імі з усяго кошту аўтамабіля. У той жа час фізасобы ў падобнай сітуацыі не плоцяць ПДВ, і, адпаведна, маюць перавагу перад аўтадылерамі ў цане, паведамляюць «Беларускія навіны».

Міхневіч: аўтадылерам трэба даць папрацаваць у больш прывабных прававых умовах

«Мы просім даць магчымасць і аўтадылерам папрацаваць у новых, больш прывабных прававых умовах. Гэта дазволіць некалькім сотням тысяч патрыманых аўтамабіляў перайсці ў рэчышча звароту юрасоб з усімі наступнымі плацяжамі ў бюджэт. Пры гэтым юрасобы будуць не толькі плаціць падаткі, але і ствараць рабочыя месцы», — адзначае Сяргей Міхневіч.

Менавіта ўкараненне сістэмы trade-in, як лічыць кіраўнік БАА, дазволіць беларускім аўтадылерам утрымаць свой бізнэс і захаваць персанал на пераходны перыяд — да 1 ліпеня 2011 года, калі, як чакаецца, памер пошліны на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь для фізічных і юрыдычных асобаў зраўняўся.

Пакупнікі патрыманых аўто таксама выйграюць ад карэкціроўкі заканадаўства. Яны змогуць набыць правераны, цалкам адрамантаваны аўтамабіль з гарантыяй. Дылеры змогуць самастойна ўстанаўліваць гарантыйны перыяд, але ў рамках закону аб абароне правоў спажыўцоў, дадае старшыня праўлення БАА.