Аўтуховіч: маю справу сфабрыкавала "высокапастаўленая асоба"

23.03.2010 19:04
Архив Редакция

Мікалай Аўтуховіч, выступаючы ў судзе,  заявіў, што крымінальную справу супраць яго, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла Казлова сфабрыкаваў «высокапастаўленая асоба ці група асобаў». "Прад'яўленае пасля абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэракту грунтуецца на сведчаннях толькі двух сведак — Палтарака і Аляксандра Ларына, на якіх здзяйсняўся ціск з боку следства з мэтай агаварыць Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова", — адзначыў абвінавачаны.

Па словах Мікалая Аўтуховіча, «усе астатнія матэрыялы справы сведчаць пра нашу невінаватасць», паведамляе БелаПАН.

«Першапачаткова наш арышт праводзіўся ў сувязі са сведчаннямі нейкага Палтарака: нібы ён дапамагаў мне перавозіць, разгружаць і захоўваць буйную партыю зброі, аўтаматаў, снайперскіх вінтовак, выбуховых рэчываў. У Ваўкавыск прыехалі прыкладна 150 супрацоўнікаў спецпадраздзялення «Алмаз», шукалі аўтаматы і выбухоўку, але нічога не знайшлі. І калі мне прад’явілі абвінавачванне ў падпале, я быў шакаваны», — распавёў прадпрымальнік.

Мікалай Аўтуховіч не адмаўляе той факт, што збіраў інфармацыю пра намесніка міністра па падатках і зборам Васілія Каменку і былога губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Саўчанку. «І не толькі пра іх. Гэта было звязана з тым, што Каменка неаднаразова спрабаваў незаконнымі метадамі знішчыць мой бізнэс. Гэта звязана з фактамі карупцыі ў Ваўкавыску, і мы збіралі гэту інфармацыю для таго, каб пасля даказаць сваю невінаватасць і незаконнасць дзеянняў Каменкі», — растлумачыў бізнэсмэн.

Ваўкавыскі прадпрымальнік падкрэсліў, што ўсе сабраныя матэрыялы неаднаразова перадаваліся ім у КДБ, пракуратуру, Савет бяспекі. «Мы звярталіся нават да прэзідэнта. Аднак усе нашы звароты былі як гарох аб сцяну: ніхто не рэагаваў на факты карупцыі. Адзіны, хто імі займаўся, — гэта Казлоў, які тады працаваў кіраўніком УБАЗ па Гродзенскай вобласці. На падставе нашай інфармацыі і яго працы нават была ўзбуджана крымінальная справа пра карупцыю, якую пасля замялі», — сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Па меркаванні абвінавачанага, судовы працэс з’яўляецца помстай за яго дзейнасць па раскрыцці фактаў карупцыі ў Ваўкавыску.

Как вам новость?
Головоломки