Азаранка паспяхова пачала абарону тытулу на турніры ў Маямі

29.03.2010 14:10
Архив Редакция

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (сёмае месца ў сусветным рэйтынгу) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Маямі з агульным прызавым фондам 4,5 млн. даляраў. 28 сакавіка ў трэцім крузе яна перамагла чэшку Люсію Шафараву (41) — 6:4, 6:2.

У другім раўндзе Шафарава адолела іспанку Марыю Хасэ Мартынес Санчэс (27), якая на папярэднім турніры ў Індыян-Уэлсе з аналагічным прызавым фондам і фарматам выйграла ў Азаранкі ў трэцім крузе, паведамляе БелаПАН.

Наступнай суперніцай беларускі будзе былая першая ракетка свету Кім Клійстэрс з Бельгіі (16), на рахунку якой 36 выйграных турніраў у адзінкавым разрадзе. Адзіная сустрэча Азаранкі і Клійстэрс у 2009 годзе ў Таронта (Канада) завяршылася перамогай апошняй — 7:5, 4:6, 6:1.

У другім крузе (1/8 фіналу) жаночага парнага разраду Вольга Гаварцова (53) і расейка Ала Кудраўцава (35) прайгралі «пасеяным» пад трэцім нумарам Надзеі Пятровай (Расія, 10) і Саманце Стосур (Аўстралія, 7) — 0:6, 5:7.

У другі круг мужчынскага парнага разраду выйшлі «пасеяныя» пад чацвёртым нумарам Максім Мірны (14) і Махеш Бхупаці (8). Беларуска-індыйскі дуэт у 1/16 фіналу выйграў у аўстралійца Стывена Хаса (50) і паўднёваафрыканца Уэслі Мудзі (9) — 6:4, 7:5 і зараз сустрэнецца з амерыканцамі Джонам Ізнерам (49) і Сэмам Куэрэем (42).

Как вам новость?
Головоломки