Азаранка выйграла турнір у ЗША і паднялася на 6 месцаў у рэйтынгу WTA

02.08.2010 10:53
Архив Редакция

Сёння, 2 жніўня, апублікавана новая версія рэйтынгу WTA. Пераможца турніру ў Стэнфардзе беларуска Вікторыя Азаранка перайшла з 18-га на 12-ы радок рэйтынгу, апярэдзіўшы сваю суперніцу па фінале Марыю Шарапаву на адну пазіцыю.

Перамогу на турніры можна лічыць добрым падарункам да дня нараджэння, які Вікторыя Азаранка адзначыла ў суботу. Ёй споўніўся 21 год. Тым больш, што наша тэнісістка выйграла свой першы ў гэтым годзе тытул. Два папярэднія фіналы ў 2010-м узяць яна не змагла, адзначае інтэрнэт-выданне «Мы».

Цікава, што францужанка Марыён Барталі, якая саступіла ў чвэрцьфінале турніру ў Стэнфардзе Вікторыі Азаранцы, дазволіла сабе крыху пакпіць з нагоды гучных крыкаў, якімі Азаранка суправаджае свае ўдары.

«Мне здаецца, часам, калі робіш намаганне, можна крыкнуць, але часам яна крычыць занадта гучна. Цяжка сфакусавацца на тым баку сеткі. Я разумею, што трэба было проста забыць пра гэта, але гэта складана. Калі казаць пра матчы Азаранка — Шарапава, то лепш глядзець яго затычкамі. Я спрабую не раздражняцца, але я гуляла з Азаранкай у Істбурне, і ў першым гейме ўсе смяяліся ад яе крыкаў. Гэта адцягвае ўвагу. Але мне здаецца, яна так з дзяцінства робіць. Увесь час, калі яна гуляе ў тэніс, яна крычыць. І мы нічога не можам змяніць. Калі граеш супраць яе, трэба проста думаць аб сваёй гульні», — цытуе Барталі сайт Insidetennis.com.

У паўфінале ў Стэнфардзе Шарапава абыграла Агнешку Радваньску з Польшчы — 1:6, 6:2, 6:2. Азаранка перамагла аўстралійку Саманту Стосур — 6:2, 6:3. Прызавы фонд турніру ў Каліфарнійскім Стэнфардзе складае 700 тыс. даляраў.

Топ-10 рэйтынгу WTA па стане на 2 жніўня выглядае так:

1. (1) Серэна Уільямс (ЗША) — 8355

2. (2) Алена Янкавіч (Сербія) — 5900

3. (4) Караліна Вазняцкі (Данія) — 5555

4. (3) Вінус Уільямс (ЗША) — 5287

5. (5) Саманта Стосур (Аўстралія) — 4890

6. (6). Алена Дзяменцьева (Расія) — 4590

7. (7) Кім Клійстэрс (Бельгія) — 4510

8. (8) Франчэска Ск’явоне (Італія) — 4285

9. (9) Вера Званарова (Расія) — 3965

10. (11) Агнешка Радваньска (Польшча) — 3870

Как вам новость?
Головоломки