Ажубаліс: Літва падтрымлівае санкцыі супраць беларускага рэжыму

25.05.2011 14:15
Архив Редакция

Літва падтрымлівае пашырэнне "чорнага спісу" ЕС, у які ўваходзяць беларускія дзяржслужачыя. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс. "Літва падтрымлівае добра абдуманыя мэтанакіраваныя меры ўздзеяння, якія накіраваны супраць пэўных асобаў, служачых рэжыму", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, гэтыя санкцыі павінны быць ужытыя ў дачыненні службоўцаў, «якія ажыццяўляюць палітычна матываваныя рэпрэсіі і перашкаджаюць развіццю грамадзянскай супольнасці», паведамілі ў МУС Літвы.

Ажубаліс: адмена візавага рэжыму з ЕС вельмі дапаможа беларусам

Аднак, лічыць міністр, Еўрасаюз усё яшчэ не звярнуўся да такой магчымасці для пазітыўнага ўплыву, як перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. «У сувязі з пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі адкрыццё ЕС стала б найбольшай падтрымкай і стымулам для беларускай грамадзянскай супольнасці», — заявіў ён.

У выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ЕС можа зноў пашырыць санкцыі супраць кіраўніцтва краіны. «Літва будзе імкнуцца, каб такія меры не пагаршалі становішча радавых беларусаў і не аказвалі адмоўнага ўплыву на літоўскі бізнэс. Магчыма, што ў будучыні да гэтых пытанняў вернецца і Рада ЕС па замежных справах», — паведамілі ў літоўскім МЗС.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 23 траўня кіраўнікі МЗС краін ЕС пашырылі «чорны спіс» беларускіх афіцыйных асоб, у адносiнах да якiх прадугледжваюцца замарожванне рахункаў і забарона на ўезд у Еўрасаюз. У спіс трапілі яшчэ 13 новых чыноўнікаў — такім чынам, цяпер ён змяшчае 188 прозвішчаў.

Як адзначылі ў літоўскім МЗС, «міністры замежных спраў краін ЕС падтрымалі дадатак спісу без дэбатаў», а прадстаўнік Літвы Аўдронюс Ажубаліс адзначыў, што санкцыі супраць беларускіх уладаў неабходна ўводзіць разам з «крокамі насустрач беларусам». «Рада праявіла ўзважаны падыход, каб ад санкцый не пацярпела беларускае грамадства», — дадаў ён.

У той жа час прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце выступіла катэгарычна супраць увядзення Еўрапейскім саюзам эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки