БАА: кошты на патрыманыя машыны ў Беларусі працягнуць падаць

09.09.2010 10:20
Архив Редакция

Генеральная дырэктарка Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава лічыць, што ў найбліжэйшы час у Беларусі кошты на патрыманыя аўтамабілі ўпадуць яшчэ больш. Па словах спецыялісткі, гэта абумоўлена тым, што попыт на аўтамабілі (і на патрыманыя, і на новыя) цяпер істотна ніжэйшы, чым прапанова.

Акрамя таго, Людміла Шабанава адзначыла, што дадатковы ціск на рынак патрыманых аўтамабіляў аказваюць ўмовы бяспошліннага ўвозу іншамарак з Беларусі ў Расію, перадае «Ежедневник».

Паводле гэтых ўмоваў, аўтамабілі, увезеныя ў Беларусь фізічнымі асобамі да 1 студзеня 2010 года, не падлягаюць мытнаму дэклараванню, бо яны маюць статус тавараў Мытнага саюза. Пры гэтым, каб прадаць аўтамабіль у Расіі, неабходна атрымаць пашпарт транспартнага сродку, а яго выдаюць толькі аўтамабілям, адпаведным экалагічным класам Еўра-4 і Еўра-5. Таму іншамаркі, што не падпадаюць пад гэтыя катэгорыі, застануцца ў Беларусі, лічыць эксперт. «Расія спрабуе не дапусціць ўвозу на сваю тэрыторыю патрыманых аўтамабіляў для перапродажу», — патлумачыла прадстаўніца асацыяцыі.

Акрамя таго, гендырэктар БАА лічыць, што на зніжэнне коштаў паўплывае і тое, што ў цяперашні момант беларускі рынак патрыманых аўтамабіляў перапоўнены. Так, толькі за апошнія паўгады фізічныя асобы завезлі ў Беларусь больш за 110 тыс. аўтамабіляў.

Тым не менш, Людміла Шабанава адзначыла, што катастрафічнага падзення коштаў не адбудзецца: у шкоду сабе прадаваць будуць толькі тыя, каму трэба тэрмінова разлічыцца па крэдытах. «Але гэта пакуль прыватныя выпадкі, а не агульнапрынятая практыка», — патлумачыла гендырэктарка БАА.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у траўні-чэрвені гэтага года патрыманыя аўтамабілі ў Беларусі патаннелі на 10-15%. Большасць людзей увозіць аўтамабілі з мэтай рэалізаваць іх на расійскім рынку. «Аднак калі ў траўні стала вядома, што Расія іх не пусціць, гэта абваліла беларускі рынак патрыманых аўтамабіляў. З гэтага моманту кошты на аўтамашыны, што ўвозяцца фізічнымі асобамі, папаўзлі ўніз», — распавёў старшыня БАА Сяргей Міхневіч.

Как вам новость?
Головоломки