БАА: рынак аўто ў Беларусі ажывяць іншамаркі расійскай зборкі

06.12.2010 13:16
Архив Редакция

Старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч прагназуе, што ў 2011 годзе рынак новых іншамарак вырасце на 40% у параўнанні з 2010 годам, а аб'ём продажаў іншамарак можа вырасці да 14 тыс. адзінак. Прычым кіраўнік БАА перакананы, што ажыўленню аўтамабільнага рынку ў Беларусі будзе садзейнічаць адкрыццё ў Расіі зборачнай вытворчасці замежных аўтамабільных канцэрнаў.

«Зборачныя вытворчасці замежных брэндаў, якія сёння працуюць у Расіі, будуць арыентавацца і на наш рынак. Як толькі сітуацыя з пошлінамі будзе ўрэгулявана, усе зборачныя вытворчасці пачнуць актыўна пастаўляць аўтамабілі на наш рынак», — лічыць кіраўнік БАА.

Асноўнай умовай для росту рынку ў наступным годзе аўтадылеры называюць выраўноўванне з 1 ліпеня пошлінаў на імпартныя аўтамабілі, што ўвозяцца для фізічных і юрыдычных асобаў. Паводле прагнозаў экспертаў, з-за няроўных пошлінаў у параўнанні з 2009 годам аўтамабільны рынак сёлета знізіцца амаль у два разы, а аб’ём продажаў складзе каля 10-11 тыс. новых аўтамабіляў замест 17 тыс. у 2009 годзе (без уліку расійскіх аўтамабіляў), перадаюць «Беларускія навіны».

Іншай асаблівасцю цяперашняй сітуацыі на аўтамабільным рынку Беларусі з’яўляецца практычна раўнамернае размеркаванне яго долі сярод розных замежных марак аўтамабіляў. Калі ў мінулым годзе відавочным лідарам быў Volkswagen, то па выніках дзесяці месяцаў гэтага года пакупнікі не выяўлялі такіх відавочных перавагаў. У лік лідараў увайшлі Skoda (8,3% рынку), Renault (7,8%), Kia (7,1%) і Volkswagen (7,1%). На думку Сяргея Міхневіча, у найбліжэйшы час іншамаркі, што вырабляюцца ў Расіі, адбяруць частку рынка ў еўрапейскіх іншамарак.

Пакуль жа іншамаркі расійскай зборкі на беларускім рынку ў дэфіцыце. Як адзначыў Сяргей Міхневіч, з-за дзеючых правілаў увозу іншамарак аўтамабіляў расійскай зборкі складана канкураваць з новымі і ўжыванымі аўтамабілямі з Еўропы, якія ўвозяцца ў Беларусь фізічнымі асобамі па нізкіх пошлінах. Прычым, кошт аўтамабіля, вырабленага ў Расіі, часам перавышае кошт іншамаркі, вырабленай у Еўропе, праз накладныя выдаткі па дастаўцы камплектуючых.

БАА: дэфіцыт іншамарак расійскай зборкі ёсць і ў самой Расіі

Сяргей Міхневіч адзначыў і іншую праблему, якая перашкаджае ўвозу машын з Расіі. «Аўтамабілі не пастаўляюцца ў нашу краіну праз іх дэфіцыт у самой Расіі. Чарга, напрыклад, на некаторыя маркі канцэрна Volkswagen сфармавалася на пяць-шэсць месяцаў наперад», — паведаміў кіраўнік БАА.

У сваю чаргу эксперт Дзмітры Навіцкі лічыць, што нават у выпадку выраўноўвання пошлінаў на ўвоз іншамарак і павелічэння аб’ёму продажаў новых аўтамабіляў да 20 тыс. адзінак на год, гэта не зможа павысіць цікавасць аўтамабільных канцэрнаў да беларускага рынку.

«У Расіі ў мінулым годзе толькі канцэрн Volkswagen Group Rus прадаў больш за 100 тыс. новых аўтамабіляў. А ёмістасць беларускага рынку — 10 тыс. новых аўтамабіляў. Аб якой зацікаўленасці да беларускага рынку з боку замежных аўтавытворцаў у Расіі можа ісці гаворка?», — адзначыў Дзмітры Навіцкі.

Эксперт: замежным вытворцам расійскі рынак цікавы больш за беларускі

«Замежным аўтавытворцам — Peugeot, Nissan, Ford, цікавы расійскі рынак. На сусветным рынку адбываецца пераразмеркаванне роляў. Праз год-два самым галоўным аўтамабільным рынкам будзе Кітай, а разам з ім — Індыя і Расія. Гэта рынкі з вялікай колькасцю патэнцыйных пакупнікоў, таму інтарэсы ўсіх сусветных аўтавытворцаў накіраваны менавіта туды», — падкрэсліў эксперт.

Дзмітры Навіцкі перакананы, што беларускія пакупнікі не давяраюць расійскай зборцы. «Кошт на гэтыя аўтамабілі на выхадзе фактычна такі ж, як на аналагічныя мадэлі, вырабленыя ў Еўропе. Калі б ён быў ніжэйшы, напрыклад, на 20-30%, то ў Беларусі іншамаркі расійскай зборкі актыўна купляліся б», — лічыць эксперт.

Па словах эксперта, усе праекты з арганізацыяй зборачных вытворчасцяў замежных брэндаў у Расіі з’яўляюцца вынікам няўдалага вядзення знешняй і ўнутранай палітыкі беларускіх уладаў. «Інакш зборачныя вытворчасці маглі быць размешчаныя ў нас, і мы самі прадавалі б аўтамабілі ў Еўропу ці тую ж Расію», — перакананы Дзмітры Навіцкі.

Как вам новость?