Багданкевіч: дэфіцыт наяўнай валюты павінен быў даўно скончыцца

08.06.2011 13:10
Архив Редакция

Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што пры правільна праведзенай урадам фінансавай палітыцы ў Беларусі ўжо даўно скончыўся б дэфіцыт валюты. "Шчыра кажучы, валюта ў абменніках павінна была з'явіцца даўно. Для гэтага трэба было выканаць адну простую ўмову: усталяваць курс, зыходзячы з попыту і прапаноў на валютным рынку", — растлумачыў экс-кіраўнік Нацбанка.

На думку эксперта, для вырашэння гэтай праблемы неабходна правесці агульную сэсію на Беларускай валютнай біржы, сабраць усе заяўкі на валюту і прымусіць дзяржпрадпрыемствы аддаць валюту на біржу, перадае «Народная воля».

«Рэальны курс беларускага рубля да даляра сфармуецца на базе попыту і прапановы. Пасля гэтага і стане зразумелы першапачатковы курс валюты. І тады яна з’явіцца ў абменніках па аб’ектыўным рынкавым курсе», — растлумачыў Станіслаў Багданкевіч.

Былы кіраўнік Нацбанка перакананы, што ў гэтым выпадку скупіць наяўную валюту ў абменных пунктах, тым самым стварыўшы яе дэфіцыт, беларусы не змогуць. «Такая занепакоенасць не мае пад сабой глебы. Таму што пры курсе, які будзе адпавядаць патрабаванням эканомікі, беларускіх грошай у насельніцтва больш не стане. Беларускі рубель абясцэньваецца, і пры рэальным курсе даляра пакупніцкая здольнасць насельніцтва знізіцца», — растлумачыў эканаміст.

Тым не менш Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ўлады краіны да эфектыўных рэформаў не гатовыя. Таму эканоміка Беларусі працуе не «зыходзячы са здаровага сэнсу», а зыходзячы з рашэнняў, якія прымаюцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Нядаўняя сустрэча эканаміста з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, па яго словах, пацвердзіла гэта.

«Я не пачуў, што ўрад гатовы вырашаць праблемы ў эканоміцы, паставіўшы яе на рынкавыя «рэйкі». Сістэма кіравання айчыннай эканомікай застанецца адміністрацыйна-каманднай. Таму калі скончыцца крызіс у эканоміцы — прагназаваць цяжка», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч.

Як перадаваў Тэлеграф, 30 траўня прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч абмеркаваў сітуацыю, якая склалася ў эканоміцы краіны, а таксама магчымыя крокі выхаду з крызісу з былым кіраўніком Нацбанка Станіславам Багданкевічам. Прэм’ер-міністр прапанаваў яму нефармальнае супрацоўніцтва, якое заключаецца ў перыядычным прадстаўленні ацэнкі таго, што адбываецца ў эканоміцы, ад якога Станіслаў Багданкевіч, аднак, адмовіўся.

Как вам новость?
Головоломки