Багданкевіч: для насельніцтва сітуацыя з валютай не зменіцца

19.04.2011 16:16
Архив Редакция

Рашэнне Нацыянальнага банка Беларусі зняць абмежаванні па фармаванні курсу беларускага рубля для банкаў і суб'ектаў гаспадарання прынясе і станоўчыя, і адмоўныя наступствы, мяркуе экс-кіраўнік НБРБ Станіслаў Багданкевіч. Аднак, паводле яго слоў, для простых грамадзян сітуацыя застанецца ранейшай.

Прынятыя меры азначаюць, што кіраўніцтва рэспублікі ўводзіць два афіцыйныя курсы: ранейшы — для першачарговых патрэбаў і для насельніцтва ў абменных пунктах, і вольны рынкавы — для суб’ектаў гаспадарання, якія купляюць тавары, растлумачыў эксперт.

«Гэта дрэнна, таму што існаванне двух курсаў можа прывесці і да спекуляцыі, і да карупцыі, і да іншых негатыўных наступстваў. З іншага боку, гэта крок вымушаны, але ў правільным кірунку. Прынамсі, для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, якія маюць беларускія рублі, з’явілася магчымасць хоць і па высокім курсе, але ўсё-ткі набыць валюту, каб працягваць вытворчасць», — прыводзіць словы Станіслава Багданкевіча сайт АГП.

«Для прыватных асобаў нічога не мяняецца. Продаж валюты будзе праводзіцца ў межах тых сумаў, якія насельніцтва будзе здаваць у абменныя пункты. Пры гэтым курс будзе фіксаваным, у рамках тых абмежаванняў, якія былі раней устаноўлены на гэты год. Таму, я мяркую, на гэтым рынку чэргі захаваюцца», — дадаў былы старшыня Нацбанка.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Нацыянальны банк Беларусі ўводзіць альтэрнатыўны курс рубля на міжбанкаўскім рынку як адну з мер па барацьбе з недахопам валюты. Пра гэта 19 красавіка заявіў намеснік старшыні праўлення НБРБ Мікалай Лузгін.

Как вам новость?
Головоломки