Багданкевіч: калі б не крэдыты, даляр каштаваў бы ўжо чатыры тысячы рублёў

26.03.2010 10:36
Архив Редакция

Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што з дапамогай вонкавых пазык ад Міжнароднага валютнага фонду і іншых крыніц Беларусь змагла скараціць абясцэненне беларускай валюты. "Калі б не было вонкавых крэдытаў, рубель у адносінах да даляра ўжо сёння абясцэніўся б да чатырох тысяч рублёў", — сказаў доктар эканамічных навук.

Па словах Станіслава Багданкевіча, ваганне нацыянальнай валюты ў адносінах да кошыка валют будзе залежаць ад комплексу прычын. «Першым чынам, ад збалансаванасці вонкавага гандлю, які ў краіне пакуль не збалансавана», — распавёў эканаміст, паведамляе Euramost.org.

«Акрамя таго, дзяржава прадае маёмасць — заводы, фабрыкі, кампаніі, банкі. Усё гэта таксама пайшло не на развіццё прадпрыемстваў, а на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты. І нават пры ўсім гэтым абясцэненне працягваецца. А, калі б не было гэтых паступленняў, дык быў бы поўны абвал», — упэўнены былы кіраўнік Нацбанка.

«У выніку — інфляцыя коштаў на спажывецкія тавары, нізкая прадукцыйнасць працы і гэтак далей, — падкрэсліў Станіслаў Багданкевіч. — Унутраная запазычанасць эканомікі перад беларускімі камерцыйнымі банкамі за мінулы год вырасла на 0,4%, калі верыць статыстыцы. А ўнутраныя абавязкі выраслі на 42%. Гэта і кажа пра абясцэненне грошай, і пра тое, што стабільнасць падтрымліваецца толькі з дапамогай крэдытаў на сярэднетэрміновым адрэзку».

Багданкевіч: у Беларусі праблемы з’явіліся яшчэ да сусветнага крызісу

Па словах экс-старшыні НБ у тым, што амерыканская валюта ўмацоўваецца няма нічога незвычайнага. «Нацбанк і сам прызнаў, што ён будзе рэгуляваць беларускі рубель у адносінах да кошыка валют. Цяпер у свеце адбываецца падаражэнне даляра ў параўнанні з еўра. І ў нас такія ж працэсы ідуць», — сказаў Станіслаў Багданкевіч.

Эканаміст мяркуе, што на гэтыя працэсы «непасрэдны ўплыў аказвае і крызісная эканоміка, і велізарныя выдаткі, якія ідуць на стварэнне прадукцыі, якая выпускаецца на жаданне ўлады і не знаходзіць збыту на рынку, а ляжыць на складах».

«Акрамя таго, у нас недастатковая канкурэнцыя, таму што не развіты ўнутраны нацыянальны рынак, звязаны з развіццём малога і сярэдняга бізнэсу. Ён увесь час толькі прыгнятаецца. Усё ў сукупнасці і прыводзіць да росту спажывецкіх коштаў, а таксама падзенню беларускага рубля да даляра і іншых валют», — падкрэсліў былы кіраўнік Нацбанка.

Па словах Станіслава Багданкевіча, за мінулы год абясцэньванне нацыянальнай валюты да кошыка было менш за 8%. «Хоць даляр рос паскоранымі тэмпамі. Тое ж самае адбываецца і цяпер. Гэта проста сведчанне зацяжнога, глыбіннага крызісу. І гэты крызіс першым чынам выяўляецца ў інфляцыі пры росце коштаў на тавары і дэфіцыце гандлёвага балансу», — сказаў доктар эканамічных навук.

Эканаміст упэўнены, што ў Беларусі вытокі крызісу абсалютна ўнутраныя. «У нас праблемы з’явіліся яшчэ за два гады да сусветнага крызісу. Вонкавыя абавязкі ўжо пачалі падвойвацца ў 2008 годзе, а летась яны зноў падвоіліся. І да гэтага раслі сямімільнымі крокамі. Так што беларускі крызіс мае ўласны твар і ўласныя вытокі. А сусветны крызіс толькі пагоршыў усё гэта», — канстатаваў Станіслаў Багданкевіч.

Как вам новость?
Головоломки