Багданкевіч: курс даляра павінен быць 4-5 тыс. рублёў

08.09.2010 15:27
Архив Редакция

Курс даляра павінен складаць 4-5 тыс. рублёў, лічыць экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «У нас ужо цяпер курс даляра мог быць і 4, і 5 тыс. рублёў, калі б урад не браў пазыкі. У мінулым годзе дзяржаўны доўг вырас у 2,2 разы; імпарт перавысіў экспарт амаль на 6 млрд. даляраў. На 1 млрд. даляраў выраслі пазыкі ў камерцыйных банкаў. Мы жывем у доўг», — заявіў эксперт.

Па яго словах, карыстаючыся нафтавымі і газавымі ільготамі Расіі, Беларусь не паспела назапасіць даўгоў. Але з 2008 года краіна пачала бурна назапашваць знешнія пазыкі, і знешні доўг вырас толькі за адзін год у 2,2 разы. «Узровень жыцця падтрымліваецца выключна за кошт знешніх пазык», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч, перадае «Беларускі партызан».

Тым не менш, на яго думку, улады краіны могуць ў 2011 годзе забяспечыць курс даляра на ўзроўні 3170 рублёў, але для гэтага неабходна будзе ўзяць дадаткова 5-10 млрд. даляраў знешніх пазык, а таксама распрадаваць дзяржуласнасць.

Былы кіраўнік Нацбанка паведаміў, што дзяржаўны доўг Беларусі складае 10 млрд. даляраў, агульны — 22 млрд. даляраў, а нацыянальны прадукт — 50 млрд. даляраў. «Агульны доўг у адносінах да нацыянальнага прадукту складае менш за 50 працэнтаў — даволі здавальняючы па еўрапейскіх мерках. У Францыі, Італіі паказчыкі горшыя», — адзначыў эксперт, дадаўшы, што «гэта пакуль не крытычна для беларускай эканомікі, але гэта неразумная палітыка, палітыка без будучыні».

«Калі ж урад думае рэфармаваць эканоміку, жыць па сродках, тады патрабуюцца і рэформы, і неабходна дэвальвацыя беларускага рубля. Калі ўрад збіраецца трымаць фіксаваны курс рубля — гэта можна, у краіне яшчэ ёсць шмат дзяржаўнай уласнасці, якую можна прадаць, праесці», — падкрэсліў Станіслаў Багданкевіч.

Як раней перадаваў Тэлеграф, паводле прынятага 7 верасня дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекту аб бюджэце Беларусі на 2011 год, сярэднегадавы курс даляра да беларускага рубля павінен скласці 3170 рублёў.

Как вам новость?
Головоломки