Багданкевіч: раней Лукашэнка на Мясніковіча "каціў бочку"

20.01.2011 16:15
Архив Редакция

Былы старшыня кіравання Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што новы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч не зможа ўнесці нічога новага ў развіццё краіны. На думку палітыка, нягледзячы на тое, што раней прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на цяперашняга прэм'ера "каціў бочку", у Міхаіла Мясніковіча "застаюцца такія ж перакананні сюзерэна", як у папярэдняга прэм'ера.

«Ён адрозніваецца адданасцю сюзерэну. Забывае пра свае глыбінныя перакананні, у яго застаюцца перакананні сюзерэна, таго, хто кіруе. Таму не было ў яго крытыкі эканамічнай палітыкі. Будучы шэсць гадоў часткай адміністрацыі, ён мог бы дапамагаць ураду прапіхваць рэформы, але не дапамагаў», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч распавёў, што напачатку 1990-х гадоў, калі ўрад Беларусі ўзначальваў Вячаслаў Кебіч, Міхаіл Мясніковіч быў «адным з лепшых адміністратараў краіны» — вельмі выразным, строгім, дакладным, якія трымаюць усё пад кантролем. Але каманда, якая сёння сабралася ва ўрадзе, на думку эканаміста, не дазволіць яму працаваць так, як таму, магчыма, хацелася б, паведамляе «Белгазета».

«Намеснікі засталіся са старой калоды, ужо да яго з’яўлення на пасту планавікі падзялілі заданні па вытворчасці валавага прадукту па міністэрствах, ведамствах, гарадах, абласцях, сельсаветах», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч, які ўзначальваў Нацбанк у бытнасць Міхаіла Мясніковіча віцэ-прэм’ерам.

Багданкевіч: Мясніковіч перарадзіўся

 Разам з тым экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што з 1990-х гадоў Міхаіл Мясніковіч мог змяніцца. «Думаю, ён перарадзіўся. Быць пасаджаным яму не хацелася. Калісьці Лукашэнка супраць яго «каціў бочку». Заяўляў, што ён будзе ў Гімалаях ці дзесьці яшчэ», — распавёў Станіслаў Багданкевіч.

На думку былога кіраўніка Нацбанка, цяперашняму беларускаму прэм’еру бракуе рынкавай адукацыі, рынкавых перакананняў, нягледзячы на тое, што «ў яго ёсць некаторае разуменне неабходнасці пераводу эканомікі на рынкавыя рэйкі».

Багданкевіч: беларусы заплоцяць за выбар Лукашэнкі

Станіслаў Багданкевіч таксама заявіў, што за выбар, зроблены 19 снежня 2010 года на прэзідэнцкіх выбарах беларускаму народу яшчэ належыць заплаціць.

«Узровень жыцця будзе скарачацца, мы на піку сёння, але не можам жыць у доўг, праядаць кожны год пяць-сем мільярдаў даляраў, больш, чым ствараем і зарабляем.  Пагаршэнне жыцця будзе, іншая справа, што можна праядаць маёмасць і новыя пазыкі», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч. На ягоную думку, у найбліжэйшыя гады Беларусь будзе змушана прадаць маёмасці на пяць- дзесяць мільярдаў даляраў, каб падтрымаць нацыянальную валюту. «Гэта аб’ектыўныя паказчыкі, трэба шукаць рэсурсы. Яны ёсць: у нас, уключаючы зямлю, 100 млрд. даляраў уласнасці можна прадаваць і жыць яшчэ прыпяваючы на працягу тэрміна прэзідэнцтва. І крэдыты можна яшчэ атрымліваць дадаткова, хаця яны вельмі ўжо вялікія, але такім чынам адцягваць уваходжанне ў поўны тупік. Ёсць іншы шлях — рэформы, але мне цяжка прадставіць, што яны (улады) могуць пайсці на кардынальныя», — заявіў Станіслаў Багданкевіч.

Багданкевіч: Раманчук не атрымае месца ва ўрадзе Лукашэнка

Палітык таксама перакананы, што істотных зменаў, у тым ліку адміністрацыйных, хуткім часам у краіне не будзе. Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што яго паплечнік па партыі (у наш час Станіслаў Багданкевіч займае пост ганаровага старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі), былы кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, таксама наўрад ці зможа атрымаць больш уплывовы пост ва ўрадзе. Экс-кандыдат не раз заяўляў, што ўлады прапанавалі яму супрацоўніцтва.»Думаю, гэта былі ілюзіі Раманчука, што яго могуць узяць на больш уплывовы пост. Яго не возьмуць. Ён быў бы карысны, безумоўна, на ўзроўні групы эканамічных дарадцаў. Улічваючы, што ён часткова выявіў палітычную слабасць, не вытрымаў выпрабаванне, можа, улады яго дзесьці і падбяруць, Бог яго ведае. А так ён, вядома, чалавек падрыхтаваны, каб уносіць прапановы, ідэі. Але мне здаецца, што ён не пойдзе туды толькі для таго, каб дапамагаць праводзіць тую палітыку, якая ўжо давяла краіну», — заявіў Станіслаў Багданкевіч.

Как вам новость?
Головоломки