Багданкевіч: стаўка рэфінансавання можа павысіцца яшчэ раз

12.03.2011 13:53
Архив Редакция

Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што "на сёння стаўка рэфінансавання на ўзроўні 12% больш-менш нармальная". "Аднак цяперашнія тэмпы росту інфляцыі не дазваляюць прагназаваць, што на канец года інфляцыя ўтрымаецца ў межах 12%. Гэта значыць, не выключана, што стаўка рэфінансавання можа павысіцца яшчэ раз", - адзначыў ён. 

Пры гэтым ён заявіў, што ўлады не змогуць вырашыць усе праблемы толькі павышэннем стаўкі рэфінансавання. Для гэтага, паводле яго слоў, неабходна правесці дэвальвацыю, на якой настойвае Міжнародны валютны фонд, а таксама адміністрацыйна абмежаваць крэдытаванне малаэфектыўных дзяржаўных праектаў, паведамляюць «Беларускія навіны».

Эксперт: разавая дэвальвацыя загубіць беларускую эканоміку

Між тым эканаміст Андрэй Карпунін мяркуе, што пакуль рана казаць аб будучым чарговым павышэнні стаўкі рэфінансавання ў 2011 годзе. Паводле яго слоў, у дадзеным выпадку пры павышэнні стаўкі рэфінансавання да 12% «давялося выбіраць з двух бедаў — павышаную стаўку рэфінансавання або разавую дэвальвацыю прыкладна на 30%». «Нацбанк не будзе пускаць у абарачэнне вар’яцкую колькасць незабяспечаных рублёў. Гэта значыць мы не так моцна разгонім інфляцыю. Будзе адбывацца адток рэсурсаў з тых сфераў, дзе назіраўся іх лішак. Павышэнне стаўкі рэфінансавання можа паменшыць інфляцыю, бо гэта прымусіць беларускія грошы працаваць на эфектыўныя і акупальныя праекты», — адзначыў эканаміст.

У той жа час, на яго думку, «аднамомантавая дэвальвацыя нас не выратуе, а загубіць». «Дэвальвацыя — гэта занадта высокая палітычная і эканамічная рызыка, што можа прывесці да ўцёкаў капіталу, уцёкаў бізнэсу, да страты даверу да беларускага рубля, да жадання імпарцёраў закласці рызыкі ад новай дэвальвацыі ў цану на тавары. Паніка і ажыятаж прывядуць да росту коштаў, і мы атрымаем нашмат горшую сітуацыю з інфляцыяй», — заявіў Андрэй Карпунін.

Не палепшыць сітуацыю, па яго словах, у выпадку дэвальвацыі і крэдыт МВФ «Чарговая пазыка без эканамічных рэформаў — гэта абсурд. Нам 2 млрд. даляраў хопіць на чатыры-пяць месяцаў. Мы зноў іх праямо, не правёўшы рэформаў, не ўклаўшы грошы ў валютаакупальныя галіны, не стварыўшы ўмоваў для пашырэння экспарту», — лічыць спецыяліст.

Як раней паведамляў Тэлеграф, з 16 сакавіка 2011 года Нацыянальны банк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання на 1,5% да 12% гадавых. Адпаведная пастанова была прынята праўленнем Нацбанка 10 сакавіка «ў мэтах адэкватнага рэагавання на павышэнне ўзроўню інфляцыі, што назіралася ў пачатку бягучага года».