Багданкевіч: улады могуць абмежаваць зняцце рублёў з рахункаў

08.10.2010 16:13
Архив Редакция

Былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі улады Беларусі могуць пайсці на абмежаванне зняцця грошай з рублёвых дэпазітаў. Паводле яго слоў, беларусы перасталі давяраць эканамічнай палітыцы ўладаў.

«Існая ў Беларусі адміністрацыйная эканоміка распаўсюджваецца і на банкаўскую сферу. Калі такая тэндэнцыя будзе захоўвацца, гэта можа прывесці да росту працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах, якія ўжо, пачалі былі зніжаць», — лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Разам з тым, эксперт упэўнены, што казаць аб абвальным зняцці грошай з рахункаў, аб якім раней заяўляла кіраўніца Беларусбанка Надзея Ермакова, пакуль заўчасна, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

«Пры такім узроўні зняцця сродкаў з дэпазітаў знізяцца тэмпы назапашванняў, будзе запаволенне прыросту ўкладаў, прычым, магчыма, вельмі нават прыкметнае, і за кастрычнік прырост можа выйсці да нуля, калі сітуацыя не зменіцца і людзі не пойдуць здымаць не пяць — сем мільярдаў на дзень, а 50 мільярдаў. Пакуль гэта прыкметны працэс, але не настолькі значны, каб змяніць фінансавую сітуацыю ў краіне», — лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Эксперт: сітуацыя з рублёвымі укладамі не катастарфічная

У сваю чаргу эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што на цяперашні момант рублёвыя дэпазіты насельніцтва ў банках складаюць ад 13 да 14 трлн. рублёў, таму зняцце у дзень пяці — сямі мільярдаў з дэпазітаў не з’яўляецца катастрафічным, хаця і перавышае звычайны ўзровень.

У той жа час, эксперт лічыць, што павелічэнне аб’ёмаў зняцця сродкаў з рублёвых дэпазітаў сведчыць пра рост інфляцыйных чаканняў насельніцтва.

«Да выбараў застаецца больш за два месяцы, а калі ўзяць дадзеныя за першыя сем-восем месяцаў бягучага года, то сярэдняе перавышэнне продажаў валюты над купляй складала ад 300 да 400 млн. даляраў на месяц. Ва ўрада хопіць рэсурсаў падтрымаць валютны курс і абараніць беларускі рубель ад інфляцыі да выбараў. Але і ўрад цяпер у напрузе: а што ж далей? Аднак магчыма, што курс рубля будуць адпускаць, гэта значыць рубель патроху будзе таннець нават да выбараў на 5-7%», — растлумачыў эксперт, дадаўшы, што пасля выбараў эканамічная сітуацыя ў краіне будзе больш напружанай.

Як раней перадаваў Тэлеграф, кіраўніца Беларусбанка Надзея Ермакова заявіла аб тым, што апошнім часам беларусы актыўна здымаюць рублёвыя дэпазітныя ўклады. Паводле яе слоў, фізічныя асобы здымаюць каля пяці — сямі мільярдаў рублёў на дзень па сістэме. У той жа час начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў абверг гэтую інфармацыю. Ён паведаміў, што падобная сітуацыя назіраецца выключна ў сістэме Беларубанка, у той час як у іншых банках рэспублікі адтоку рублёвых укладаў не назіраецца.

Как вам новость?
Головоломки