Багдонас: падчас выбараў у Беларусі будзе вельмі цяжка

26.07.2010 15:29
Архив Редакция

У 2011 годзе ў Беларусі ў сувязі з выбарамі прэзідэнта "будзе вельмі цяжкі час". Пра гэта заявіў амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. "Самае галоўнае, каб гэтыя выбары былі сумленнымі, адкрытымі і адпавядалі крытэрам АБСЕ", — дадаў літоўскі дыпламат.

«Я ведаю, што па законе, выбары павінны адбыцца не пазней за пачатак лютага, але калі яны будуць насамрэч, я не ведаю. Цяперашняя сітуацыя, адносіны з Расіяй, заявы з аднаго і з другога боку, думаю, будуць мець уплыў на канчатковы вынік выбараў», — распавёў кіраўнік літоўскага пасольства.

У Беларусі, па словах Эдмінаса Багдонаса, амбасада Літвы многімі людзьмі ўспрымаецца як нейкі глыток паветра Еўропы, перадае DELFI. «Мы заўсёды з вялізным пачуццём і разуменнем ставіліся да нашых сяброў тут, якія і нас паважаюць, адпаведна, і супрацоўнічаюць з намі. Тыя складанасці, якія ёсць цяпер, не магу сказаць, што яны ёсць пастаянна, але заўсёды былі. Але нашы дзверы заўсёды адкрытыя, — сказаў пасол Літвы. — І ў складаныя, і ў нескладаныя часы мы заўсёды знаходзілі агульную мову з нашымі беларускімі сябрамі — і з чыноўнікамі, і з людзьмі, якія імі не з’яўляюцца. Не думаю, што цяпер самыя лепшыя часы, але мы заўсёды адкрытыя для зносінаў, дыялогу, і заўсёды такімі будзем».

Тым не менш, літоўскі амбасадар выказаў шкадаванне, што Беларусь не выкарыстоўвае ў поўнай меры магчымасці, прапанаваныя ёй Еўропай, у тым ліку і ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства».

Літоўскае пасольства на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца кантактным пасольствам НАТО ў Беларусі, сказаў Эдмінас Багдонас. Аднак, па словах літоўскага дыпламата, інфармацыйнага пункта НАТО ў Мінску да гэтага часу няма. «Мы праводзім круглыя сталы, нашыя студэнты Інстытута міжнародных адносін размаўляюць з мясцовым факультэтам міжнародных адносін, я там чытаю лекцыі і г.д. Адзін з пунктаў нашай павесткі дня — адкрыць інфармацыйны цэнтр НАТО. Але, у выніку, такога пункта няма. Хачу толькі сказаць, што і ў Кіеве, і ў Маскве яны ўжо даўно ёсць», — падсумаваў Эдмінас Багдонас.

Как вам новость?