Бакіеву прапанавалі палітычны прытулак у Беларусі

15.04.2010 17:35
Архив Редакция

Сёння, 15 красавіка, адхілены ад улады прэзідэнт Кыргызтана Курманбек Бакіеў заявіў, што Мінск прапанаваў яму палітычны прытулак, аднак ён адмовіўся. "Я сказаў не", — паведаміў Бакіеў і адзначыў, што вядуцца перамовы з часовым урадам, і ён мяркуе, што кіраўніца часовага ўрада Кыргызтана Роза Атунбаева падпісала ўказ, які гарантуе яго бяспеку.

Бакіеў таксама паведаміў, што выехаў з сяла Теіт у Джалал-Абад на перамовы з прадстаўнікамі часовага ўрада, перадае Корреспондент.net.

Нагадаем, раней Курманбек Бакіеў заявіў, што сыдзе ў адстаўку толькі ў тым выпадку, калі часовы ўрад забяспечыць бяспеку яму і ягоным сваякам.

Перад гэтым часовы ўрад прыняў дэкрэт пра пазбаўленне Бакіева недатыкальнасці. Новыя ўлады высунулі ўльтыматум прэзідэнту: або ён прыязджае ў Бішкек, або яго арыштуюць. 14 красавіка кіраўніца часовага ўрада Роза Атунбаева запатрабавала суду над Бакіевым.

***Масавыя беспарадкі ў Кыргызтане пачаліся шостага красавіка пасля таго, як перад пачаткам Народнага курултаю (з’езду) былі затрыманыя практычна ўсе лідары апазіцыі. Па апошніх дадзеных, ахвярамі сутыкненняў, якія працягваліся некалькі дзён, сталі каля 80 чалавек, больш за тысячу атрымалі раненні. Апазіцыя заявіла пра роспуск парламента і фармаванне новага ўрада на чале з Розай Атунбаевай.

Как вам новость?