Бамбіза: мясцовыя ўлады павінны самастойна зарабляць грошы

11.03.2010 16:37
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер Беларусі Іван Бамбіза заявіў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для самаразвіцця малых населеных пунктаў, толькі рэгіёнам трэба эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці нарматыўна-прававой базы. “Мясцовыя ўлады павінны вызначыць такую эканамічную палітыку, якая б дазволіла ім самастойна зарабляць грошы, прыцягваць вонкавыя інвестыцыі”, — сказаў Іван Бамбіза.

Закранаючы Мінскі раён, намеснік прэм’ер-міністра адзначыў яго выгоднае геаграфічнае становішча, ад якога і трэба адштурхвацца, распрацоўваючы стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця на найблізкія гады. ”Бо раён прылягае да сталіцы, то ў першую чаргу неабходна развіваць тут сферу паслуг, у прыватнасці ствараць аб’екты для адпачынку насельніцтва”, — цытуе БЕЛТА слова Івана Бамбізы.

Па словах віцэ-прэм’ера, пакуль такіх месцаў, дзе можна адпачыць сем’ямі, пад Мінскам бракуе. “Такія аб’екты ёсць у вобласці, да прыкладу «Сілічы», «Лагойск», але падобную інфраструктуру можна ствараць і бліжэй», — лічыць Іван Бамбіза.

“Паколькі ў Мінскім раёне засяроджаны прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял, то ў гэтых сферах таксама трэба працаваць: развіваць агародніцтва, перапрацоўку гародніны, патрэбныя добрыя сховішчы”, — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.

На думку Івана Бамбізы, у рашэнні праблемных пытанняў — а гэта будаўніцтва сацыяльнай сферы, мадэрнізацыя сістэм жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонт дарог і іншае — дапамогу павінен аказваць Мінск, таму што шматлікія жыхары Мінскага раёна працуюць на сталічных прадпрыемствах.

Бамбіза: трэба спыніць спекуляцыю зямельнымі ўчасткамі ў Мінскім раёне

Па словах віцэ-прэм’ера, выпадкі са спекуляцыямі зямельнымі ўчасткамі сустракаюцца досыць часта. “Пакуль у рэспубліцы не адпрацавана сістэма прадухілення махінацый з зямлёй. Трэба стварыць адмысловую праграму, накшталт той, якая працуе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дапамагае выявіць неплацельшчыкаў“, — лічыць Іван Бамбіза.

«Адпаведную праграму, у адсочванні руху ўчасткаў у якую задзейнічаны БТІ, службы землеўпарадкавання і іншыя органы, неабходна распрацаваць. Яна стала б запамогай для праваахоўнікаў», — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.

Па словах Івана Бамбізы, у краіне пакуль яшчэ не наведзены парадак “ва ўліку вызначэння прыналежнасці зямельных участкаў, што і дазваляе займацца спекуляцыямі — перапрадаваць іх некалькі разоў”. ”У выніку на шматлікіх з іх доўгі час не вядзецца будаўніцтва, зямля зарастае быльнікам”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
 

Как вам новость?
Головоломки