Бандарэнку, Марцалеву, Севярынцу і Халіп змякчылі абвінавачанне

04.04.2011 16:19
Архив Редакция

Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама прад'явіла новыя абвінавачанні па ч.1. арт.342 КК Беларусі каардынатара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрыю Бандарэнку, кіраўніку перадвыбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Сяргею Марцалеву, сустаршыню незарэгістраванай "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Паўлу Севярынцу і жонцы экс-кандыдата Андрэя Саннікава Ірыне Халіп.

Цяпер іх абвінавачваюць у арганізацыі і актыўным удзеле ў «групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый». Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамілі ў МУС Беларусі, следства выявіла, што «іх дзеянні былі накіраваны на прыцягненне і заахвочванне беларускіх грамадзян да ўдзелу ў заведама незаконных масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія падлягаюць спыненню з боку праваахоўных органаў».

«Акрамя гэтага, безгрунтоўныя сцвярджэнні аб прызнанні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі, якія прагучалі ў іх публічных заявах, сталі штучна створанай падставай для рэакцыі дзяржаў Еўрапейскага Саюзу і ЗША, што распачалі меры па ўвядзенні са свайго боку санкцый як спосаб эканамічнага і палітычнага ціску на афіцыйную ўладу ў Беларусі», — паведамілі ў МУС.

У найбліжэйшы час абвінавачаныя азнаёмяцца з матэрыяламі крымінальных спраў, якія затым праз органы пракуратуры накіруюць у суд.

Як паведамляў Тэлеграф, раней Дзмітрыя Бандарэнку, Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца і Ірыну Халіп абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ім пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Таксама галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама 30 сакавіка прад’явіла аналагічнае абвінавачанне экс-кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміру Някляеву і Віталю Рымашэўскаму, а таксама іх давераным асобам Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазняку і Андрэю Дзмітрыеву.

Как вам новость?