Банкі Кіпра і Грэцыі могуць замарозіць рахункі беларускіх чыноўнікаў

01.02.2011 12:00
Архив Редакция

Кіпрскія і грэцкія банкіры падтрымаюць санкцыі ЕС супраць уладаў Беларусі. Пра гэта, сустракаючыся з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы, заявіў кіраўнік цэнтра міжнароднага бізнэсу Piraeus Bank (Грэцыя-Кіпр) Сімяон Сімеу. "Калі рашэнне будзе прынята, Кіпр яму падпарадкуецца. Таму што санкцыі будуць ужытыя ва ўсіх краінах Еўрасаюза", — сказаў ён. 

«Я сапраўды не ведаю, што будзе адбывацца з пункту гледжання санкцый супраць Беларусі. Але, як вы ведаеце, калі рашэнне прымаецца на ўзроўні Еўрапейскага саюза, вы можаце выказвацца супраць нейкага рашэння, але пасля таго, як рашэнне прынята — яго неабходна выконваць», — цытуе старшыню цэнтра «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Гэтае правіла павінна выконвацца, нягледзячы на тое, што аказанне банкаўскіх паслуг — адна з асноўных крыніц прыбытку на Кіпры. Тут зарэгістравана 17 банкаў, 25 аддзяленняў і два прадстаўніцтвы замежных банкаў, а таксама 359 кааператыўных крэдытных устаноў. Усе яны, па словах Сімяона Сімеу, «закрыюць свае дзверы» для беларускіх чыноўнікаў, якія ўваходзяць у спіс неўязных у Еўрапейскі саюз.

На дадзены момант у банку Сімяона Сімеу няма ні аднаго замарожанага беларускага рахунку. Аднак у тым выпадку, калі нейкай асобе са спісу будуць перасылаць грошы праз Piraeus Bank, то яны патрапяць пад санкцыі і будуць замарожаныя.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 31 студзеня Рада ЕС прыняла рашэнне ўвесці абмежаванні на паездкі, а таксама замарозіць актывы асоб, адказных за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і наступны гвалтоўны разгон дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў незалежных СМІ.

Как вам новость?
Головоломки