Банкаўскі рахунак царквы "Новае жыццё" арыштавалі

01.09.2010 15:37
Архив Редакция

Банкаўскі рахунак мінскай царквы "Новае жыццё" арыштавалі. Пра гэта стала вядома 31 жніўня, калі бухгалтарка царквы звярнулася ў Кастрычніцкае аддзяленне "Белінвестбанку" для правядзення банкаўскіх аперацыяў. Свае дзеянні супрацоўнікі аддзялення матывавалі патрабаваннямі Гаспадарчага суда Мінску, паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін.

Па словах юрыста, да моманту арышту на рахунку знаходзілася 935 тыс. рублёў. Грошы на падставе патрабаванняў суда былі спісаныя, а рахунак абшчыны заблакаваны. Такім чынам, любыя сродкі, якія будуць прыходзіць на рахунак царквы, паступяць у распараджэнне Гаспадарчага суда Мінску, перадае БелаПАН.

Як адзначыў Сяргей Луканін, арышт рахунку не стаўся нечаканасцю для вернікаў. «Пачалося выкананне раней прынятых судовых рашэнняў. Я лічу такія дзеянні незаконнымі, бо дзяржава забірае асабістыя ахвяраванні вернікаў, якія маглі б пайсці на мэты духоўнага адраджэння беларускага грамадства», — дадаў юрыст.

Як раней паведамляў Тэлеграф, суд вынес прысуд пратэстанцкай царкве «Новае жыццё» па іску камітэту аховы прыроды Мінгарвыканкама. У адпаведнасці з рашэннем суда, царква павінна кампенсаваць нібыта нанесеную ёю шкоду навакольнаму асяроддзю ў памеры 263 млн. рублёў, а таксама заплаціць за гэта штраф 8,75 млн. рублёў (усяго амаль 93 тыс. даляраў).

Как вам новость?