Баршчэўскі канчаткова зняўся з прэзідэнцкай гонкі

30.06.2010 11:36
Архив

Былы лідар Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта ў якасці кандыдата, заявіўшы аб безумоўнай падтрымцы адзінага кандыдата ад апазіцыі, незалежнасці ад таго, хто ім стане. Пра гэта ён паведаміў 29 чэрвеня ў Беластоку, куды з'ехаліся беларускія апазіцыйныя лідары, каб абмеркаваць магчымасць вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

Сустрэчы-кансультацыі адбыліся пры падтрымцы спадарожнікавага тэлеканала «Белсат». Іх тэлевізійная версія ў рамках тэлеперадачы «Перад выбарам» выйдзе ў эфір другога ліпеня, паведамляюць «Мы».

Акрамя Лявона Баршчэўскага ў Беласток прыехалі такія апазыцыйныя лідары, як Сяргей Калякін, Уладзімір Колас, Рыгор Кастусёў, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч. Па розных прычынах не змаглі прыехаць Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў. Тым не менш, іх чакаюць на запісах наступных перадачаў, паколькі плануецца іх неаднаразовы выпуск.

У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны бягучая расстаноўка сілаў і перспектывы, была выказана ідэя аб неабходнасці вылучэння адзінага кандыдата, якога б падтрымалі ўсе апазыцыйныя сілы. Аднак канкрэтных дамоўленасцяў наконт сцэнара вызначэння адзінага кандыдата не прагучала.

Тым не менш, як заявіў па выніках сустрэчы Анатоль Лябедзька, «камунікацыйная пляцоўка, створаная па ініцыятыве Рады інтэлігенцыі, захоўвае сваю актуальнасць». «Праца вядзецца адначасова па некалькіх кірунках, уключаючы і пошук выхаду на адзінага кандыдата ад прыхільнікаў пераменаў. У цяперашні час ёсць каля дзясятку прапановаў па працэдуры вызначэння адзінага кандыдата. Пачата праца па выпрацоўцы плана сумесных дзеянняў у фармаце прэзідэнцкай выбарчай кампаніі», — адзначыў старшыня АГП, перадае «Беларускі партызан».

Як раней паведамляў Тэлеграф, нядаўна стала вядома, што генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб, які заяўляў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся змагацца за крэсла прэзідэнта.