Бастунец: мінюст пакідае фрылансераў па-за законам

23.03.2010 19:42
Архив Редакция

Намеснік старшыні "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Андрэй Бастунец пракаментаваў судовыя слуханні ў Вярхоўным судзе Беларусі па факце абскарджання БАЖ папярэджанняў, вынесеных мінюстам да арганізацыі. "У цэлым гэты судовы працэс падняў значна шырэйшы круг пытанняў, а таксама паказаў, што мінюст стоадсоткава пакідае фрылансераў па-за законам", — сказаў юрыст.

«Мінюст бачыць журналістамі толькі тых, хто мае пасведчанне журналіста сродку масавай інфармацыі — або як штатны, або як пазаштатны карэспандэнт. Хоць закон «Пра аўтарскае права і сумежныя правы» прама тычыцца як раз працы фрылансерам, якія рыхтуюць матэрыялы на сваю рызыку і прапануюць іх розным выданням ці тэлерадыёкампаніям», — адзначыў Андрэй Бастунец, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Зварот у Вярхоўны суд, і слуханні па скарзе, па назіраннях юрыста, выявілі «сумны факт існавання БАЖ і міністэрства юстыцыі ў «паралельных» прававых прасторах».

«У «нашай» прававой прасторы існуе Канстытуцыя, якая гарантуе свабоду слова, свабоду асацыяцый, аб’яднанняў грамадзян, забараняе перашкоды ў аказанні прававой дапамогі, забараняе прыцягненне да адказнасці без спасылкі на закон … А міністэрства юстыцыі глядзіць на ўсё гэта з іншага пункта гледжання і расцэньвае статут грамадскага аб’яднання як армейскі, дзе любы крок у бок — гаўпвахта. Гэта папярэджанне — і ёсць такая гаўпвахта», — перакананы юрыст БАЖ.

Бастунец: БАЖ і мінюст жывуць у розных часавых рамках

Па словах Андрэя Бастунца, на судзе таксама «выявіліся сур’ёзныя разыходжанні ў разуменні паняцця «журналіст» прадстаўнікамі мінюста і БАЖ».

«Паняцці «журналіст» у законе «Пра СМІ» няма. Там ёсць тэрмін «журналіст сродку масавай інфармацыі». Але ж зразумела, гэта паняцце даўно ўжо не ахоплівае ўсёй журналісцкай супольнасці, асабліва з улікам хуткасці развіцця інтэрнэту», — падкрэсліў намстаршыні БАЖ.

«Але што казаць пра інтэрнэт, калі прадстаўнік мінюста ў судзе апераваў вызначэннем тэрміна «журналіст», узятым са старога энцыклапедычнага слоўніка савецкіх часоў, і казаў, што журналістам можа быць толькі той, хто атрымаў адпаведную адукацыю і працуе ў рэдакцыі СМІ? Таму і ўзнікае ўражанне, што, хоць мы і знаходзімся фізічна ў адным месцы, але жывём у розныя часы», — канстатаваў Андрэй Бастунец.

Как вам новость?
Головоломки