Бастунец: рашэння пра блакаванне сайтаў пакуль няма

11.05.2010 14:33
Архив Редакция

Юрыст ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец паведаміў, што на сённяшні дзень урад яшчэ не прыняў рашэння пра магчымасць блакаваць сайты па заяве карыстальнікаў. "Гэта пастанова, якая мяне больш за ўсё непакоіла, пакуль яшчэ не з'явілася, прынамсі, у публічнай сферы", — адзначыў эксперт.

Па словах намстаршыні БАЖ, такое рашэнне таксама павінна быць прынята, але ўжо не Саўмінам, а міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, паведамляе  Euramost.org.
«Пакуль былі апублікаваны пастановы з нагоды інтэрнэт-гандлю, рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў, з нагоды інтэрнэт-рэсурсаў дзяржаўных органаў і гэтак далей», — нагадаў Андрэй Бастунец. 
Па словах юрыста, больш за ўсё каментароў выклікала пастанова Саўміна № 644 ад 29 красавіка «Пра некаторыя пытанні ўдасканалення выкарыстання нацыянальнага сегменту глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт», якое датычылася рэгістрацыі інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегменту інтэрнэту, размешчаных на тэрыторыі Беларусі. 
«Самі тэрміны, якія ўжываліся ва ўсіх актах — у пастанове, ва ўказе прэзідэнта № 60, не былі на 100% яснымі для шэраговага карыстальніка, — адзначае Андрэй Бастунец. — Таму ўзнікла такое адчуванне, што кожны інтэрнэт-рэсурс, сайт і нават карыстальнік электроннай пошты павінен рэгістравацца ў міністэрстве сувязі і інфарматызацыі». 
Па словах намстаршыні БАЖ, гэта не зусім так і гаворка ідзе пра тое, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны інфармацыю пра тых, хто з імі працуе, паведаміць рэгіструючаму органу. «Гэта велізарная нагрузка на тыя рэсурсы, якія займаюцца дапамогай у аказанні інтэрнэт-паслуг, правайдараў, хостынг і гэтак далей. Гэтую інфармацыю пра іх паведамяць тыя, хто забяспечвае гэтую працу», — канстатаваў Андрэй Бастунец.

Как вам новость?