БАТЭ разграміў жодзінскае "Тарпеда" ў фінале Кубку Беларусі

24.05.2010 12:41
Архив Редакция

Фінал розыгрышу Кубку адбыўся 23 траўня ў Мінску на стадыёне "Дынама". У вырашальным матчы БАТЭ з лікам 5:0 абгуляў жодзінскае "Тарпеда". У барысаўчан галы забілі Рэнан Брэсан (6-я і 64-я хвіліны), Віталь Радзівонаў (22-я і 69-я) і Арцём Канцавы (57-я хвіліна з пенальці).

Папярэджанні ў матчы атрымалі Радзькоў (3), Брэсан (38); Лявіцкі (11), Крывабок (34), Рыжко (56), Каршакевіч (63). На першай дададзенай хвіліне першага тайму ў складзе «Тарпеда» за грубую гульню з поля быў выдалены Павел Бяганскі. 
Лепшым гульцом сустрэчы названы Аляксандр Юрэвіч, паведамляе БелаПАН. 
Пасляматчавыя каментары трэнераў: 
Віктар Ганчаранка (БАТЭ): «Разлічвалі забіць хуткі гол — атрымалася. Забілі яшчэ адзін, затым выдаленне Бяганскага, на гэтым гульня была зроблена. З боку магло падацца, што перамога далася лёгка, але мы даўно не гулялі ў фіналах, спыняючыся ў кроку ад вырашальнага матчу. Думаю, што сваёй доўгай, карпатлівай працай мы заслужылі такога фіналу, хаця першыя хвілінаў 25 адчувалася нервознасць. У перадачах было зашмат хібаў». 
Аляксандр Лісоўскі («Тарпеда»): «Мелі месца парушэнні гульнявой дысцыпліны, хаця пачыналі чэмпіянат як адна каманда, адзін за ўсіх, усе за аднаго. Бязглуздае выдаленне Бяганскага. 30 гадоў хлопцу, а так гульню зламаць. З такой камандай, як БАТЭ, у меншасці было без шанцаў. Гуляла адна каманда. У чарговы раз атрымалі поўху. Было б 11 футбалістаў, паспрабавалі б пераламаць ход сустрэчы. Такое ўжо бывала. Трэба, каб усё ўлеглася, утрэслася. Паўза ў чэмпіянаце будзе дарэчы». 
БАТЭ заваяваў кубак у другі раз у сваёй гісторыі. Упершыню гэта адбылося ў 2006 годзе. Яшчэ тры разы каманда даходзіла да фіналу (2002, 2005, 2007). «Тарпеда» выйшла ў фінал упершыню. 
Усяго кубкам валодала 12 клубаў: па 3 разы — мінскае «Дынама» (1992, 1994, 2003) і бабруйская «Белшына» (1997, 1999, 2001), па 2 разы — мазырская «Славія» (1996, 2000), мінскі «Партызан» (2005, 2008), БАТЭ (2006, 2010), па 1 разе — гарадзенскі «Нёман» (1993), мінскае «Дынама-93» (1995), віцебскі «Лакаматыў-96» (1998), «Гомель» (2002), салігорскі «Шахцёр» (2004), брэсцкае «Дынама» (2007) і наваполацкі «Нафтан» (2009). 
У перапынку матчу адбылося ўзнагароджанне пераможца розыгрышу Кубку Беларусі па пляжным футболе. Ім стала мінская каманда «Зов-Мебель», якая абгуляла яшчэ адзін сталічны клуб «Пасат-Пласт» у вырашальным матчы з лікам 2:1.

Как вам новость?
Головоломки