БАТЭ стаў пераможцам першага кола чэмпіянату Беларусі

20.05.2010 09:52
Архив Редакция

У чэмпіянаце Беларусі па футболе 19 траўня адбылося два матчы 11-га туру, які завяршае першае кола. Лідар першынства краіны барысаўскі БАТЭ на сваім полі прымаў брэсцкае "Дынама" і перамог з мінімальным лікам 1:0.

Пераможны гол на 72-й хвіліне гульні забіў Павел Няхайчык. Гэта ўжо сёмая вікторыя падапечных Віктара Ганчарэнка ў гульнях 20-га чэмпіянату Беларусі, а яшчэ ў чатырох сустрэчах яны згулялі ўнічыю, не пацярпеўшы ніводнай паразы і набраўшы ў выніку 25 ачкоў. Барысаўчане забілі ў вароты супернікаў 16 мячоў, не прапусціўшы ў свае ніводнага гола, паведамляе БелТА.
У іншым сённяшнім матчы футбалісты мінскага «Дынама» ў сябе дома разграмілі жодзінскае «Тарпеда» з лікам 5:1 (галы забілі Кілсяк, 3, Мартыновіч, 32, Мантаруп, 45, з пенальці, 87, Рэкіш, 79; Крывабок, 70). У актыве мінчукоў стала 20 ачкоў, як і ў бабруйскай «Белшыны», якая правяла на адну гульню менш.
Астатнія сустрэчы заключнага туру першай траціны чэмпіянату Беларусі адбудуцца 21 і 22 траўня.

Как вам новость?