БАТЭ захаваў лідарства ў чэмпіянаце Беларусі

29.04.2010 16:30
Архив Редакция

28 красавіка ў чэмпіянаце Беларусі па футболе адбыліся матчы шостага туру. Лідар першынства барысаўскі БАТЭ зноў пацвердзіў свой высокі клас, атрымаўшы чацвёртую перамогу ў цяперашнім першынстве. Гэтым разам шасціразовыя чэмпіёны краіны ў сябе дома разграмілі аўтсайдара мінскі "Партызан" з лікам 6:0.

Галы забілі — Рэнан Брэсан, 6, 35, Максім Бардачоў, 51, Віталь Радзівонаў, 60, Арцём Канцавы, 70, з пенальці, Аганес Гааран, 83, з пенальці. БАТЭ застаецца адзінай камандай, якая не прапусцілай яшчэ ніводнага мяча, пры 11 забітых галах, перадае БелТА. А вось футбалісты «Партызана» прайгралі шосты паядынак запар, не забіўшы пакуль ніводнага гола і прапусціўшы ўжо 15 мячоў у свае вароты.

Чацвёртую перамогу ў чэмпіянаце атрымала і бабруйская «Белшына», якая ўзяла верх у дамашнім паядынку над «Мінскам» — 1:0 (Віталь Ланько, 79).

Футбалісты жодзінскага «Тарпеда» на сваім полі абгулялі гасцей з гарадзенскага «Нёмана» з лікам 2:0 (Ігар Крывабок, 44, Павел Бяганскі, 61). Адзначым, што для аўтазаводцаў гэта першая вікторыя ў цяперашнім першынстве, а вось гарадзенская каманда пакуль не перамагала і яшчэ ні разу не паражала вароты супернікаў.

Не пацешылі сваіх заўзятараў мінскія дынамаўцы. Прымаючы ў сябе дома футбалістаў «Віцебску», падапечныя Сяргея Гурэнкі задаволіліся толькі нічыёй — 1:1 (Антон Пуціла, 69; Андрэй Гараўцоў, 40).

Нічые з аднолькавым лікам 0:0 былі зафіксаваны яшчэ ў двух сённяшніх матчах — «Дынама» (Брэст) — «Нафтан» (Наваполацк) і «Шахцёр» (Салігорск) — «Дняпро» (Магілёў).

Турнірнае становішча пасля 6 тураў: БАТЭ — 14 ачкоў, «Белшына» — 12, «Дынама» (Мінск) — 11, «Віцебск», «Мінск» — па 10, «Дынама» (Брэст) — 9, «Нафтан» — 8, «Шахцёр» — 7, «Дняпро» — 6, «Тарпеда», «Нёман» — па 4, «Партызан» — 0.

У спрэчцы бамбардзіраў лідзіруе магілёвец Андрэй Лясюк — 4 галы, на мяч менш забілі барысаўчане Рэнан Брэсан і Віталь Радзівонаў.

Матчы наступнага туру 20-га чэмпіянату Беларусі адбудуцца ў нядзелю, 2 траўня.

Как вам новость?