Батура: Мінская вобласць не спраўляецца з задачамі Лукашэнкі

28.10.2010 14:36
Архив Редакция

Мінская вобласць не спраўляецца з заданнямі, якія перад ёй паставілі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і ўрад. Пра гэта 28 кастрычніка на пасяджэнні Мінаблвыканкама заявіў кіраўнік Мінскай вобласці Барыс Батура. На яго думку, рэгіён павінен развівацца больш высокімі тэмпамі.

Па выніках дзевяці месяцаў 2010 года, з 21 прагнознага паказчыка сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваецца толькі 13, заявіў Барыс Батура. Па астатніх напрамках ёсць станоўчая дынаміка, але, на думку старшыні Мінаблвыканкама, яна недастатковая, бо не ўсе рэзервы задзейнічаныя, а кадры на месцах не працуюць належным чынам, перадае БелТА. 
«На жаль, няма ні аднаго раёна, які б мог пахваліцца, што ўсе выканаў. Сур’ёзных зрухаў не адбылося, пакуль не ўдалося пераламаць сітуацыю. Стабільнай працы не відаць», — канстатаваў Барыс Батура. 
Па словах кіраўніка мінскага рэгіёну, самае істотнае адставанне па годзе і па пяцігодцы зафіксавана ў сельскай гаспадарцы. Барыс Батура адзначыў, што сельгасарганізацыі па-ранейшаму займаюцца прыпіскамі, і нагадаў аб жорсткіх мерах у дачыненні да такіх кіраўнікоў. 
Батура: наступная пяцігодка павінна стаць пяцігодкай эфектыўнасці 
Асаблівую ўвагу кіраўнік Мінаблвыканкама акцэнтаваў на неабходнасці павышэння эфектыўнасці вытворчасці, недапушчальнасці нерацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, выкананні тэрмінаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, пашырэнні асартыменту паслуг насельніцтву і пошуку новых рынкаў збыту.»Наступная пяцігодка павінна стаць пяцігодкай эфектыўнасці», — заявіў Барыс Батура. 
У сваю чаргу старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын праінфармаваў аб тым, што вынікі дзевяці месяцаў 2010 года сведчаць аб станоўчай дынаміцы па ўсіх прагнозных паказчыках, за выключэннем платных паслуг насельніцтву. 
Па словах чыноўніка, рэгіён развіваецца згодна з распрацаванай пакрокавай стратэгіі. Так, колькасць стратных арганізацый скарацілася з 103 да 91, дасягнуты гадавыя прагнозныя паказчыкі па прамысловай прадукцыі, па выпуску спажывецкіх тавараў, рознічным таваразвароце, экспарце тавараў і паслуг. Аляксандр Турчын таксама паведаміў, што з пачатку года складскія запасы скараціліся больш чым на 240 млрд. рублёў і склалі 63,7% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Аднак, чыноўнік адзначыў, што на некаторых прадпрыемствах, у прыватнасці, на кансервавых заводах, гэтая праблема застаецца актуальнай. 
Турчын: Мінская вобласць не выканае заданне на пяцігодку па імпарце паслуг 
«Зыходзячы з папярэдніх вынікаў работы за 2010 год, можна сказаць, што за пяцігодку будзе забяспечана выкананне такіх прагнозных паказчыкаў, як вытворчасць прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, інвестыцыі ў асноўны капітал, экспарт тавараў і паслуг, імпарт тавараў, рознічны таваразварот, платныя паслугі, рост заработнай платы, увод жылля ў эксплуатацыю. На жаль, па прадукцыі сельскай гаспадаркі і імпарце паслуг прагназуецца невыкананне заданняў «, — паведаміў Аляксандр Турчын. 
Разам з тым, старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама адзначыў, што ў студзені-верасні 2010 года па вобласці ўведзена ў эксплуатацыю больш за мільён квадратных метраў жылля. Аб’ём знешняга гандлю таварамі рэгіёну склаў больш за 1,7 млрд. даляраў (128,2% да ўзроўню мінулага года), сальда знешняга гандлю склалася адмоўнае ў памеры 469 млн. долараў пры прагнозе на год мінус 645 млн. даляраў.Акрамя таго, павялічылася рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі і рэнтабельнасць продажу. 

Как вам новость?
Головоломки