БАЖ: спецназ і міліцыя ігнаруюць Канстытуцыю і законы Беларусі

30.06.2011 10:37
Архив Редакция

Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна лічыць, што супрацоўнікі праваахоўных органаў і спецслужбаў падчас акцыі маўклівага пратэсту 29 чэрвеня паводзілі сябе супрацьзаконна. "У чарговы раз прадстаўнікі сілавых структур прадэманстравалі не толькі грубае ўмяшанне ў дзейнасць журналістаў, але і ігнараванне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларускага заканадаўства ў галіне СМІ", — заявіла Жанна Літвіна.

Так, кіраўніца БAЖ адзначыла, што згодна з заканадаўствам прадстаўнікі СМІ маюць права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю, паведамілі ў БАЖ.

«Такія дзеянні «сілавікоў» не надаюць павагі ўладным структурам, яны могуць толькі справакаваць настрой канфрантацыі ў грамадстве, спрыяць распальванню непаразумення і варожасці», — лічыць Жанна Літвіна.

Паводле інфармацыі, якой валодае БАЖ, 29 чэрвеня ў Мінску і Берасці затрымалі 13 журналістаў, у тым ліку двух замежных рэпарцёраў. Траіх журналістаў пры затрыманні збілі. Як мінімум тры адзінкі прафесійнай тэхнікі аператараў былі пашкоджаныя.

Кіраўніца БAЖ таксама нагадала, што пасля акцыі 22 чэрвеня, удзельнікаў якой таксама разагналі міліцыя і спецназ, БAЖ напісаў зварот да міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова з патрабаваннем правесці службовае разбіральніцтва па фактах парушэння правоў журналістаў, вызначыць вінаватых, прынесці выбачэнні пацярпелым журналістам. Аднак рэакцыі МУС пакуль не было.

Як перадаваў Тэлеграф, у ходзе апошняй акцыі маўклівага пратэсту, якая прайшла 29 чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, было затрымана не менш за 200 чалавек. У Мінску паведамляецца аб 160 затрыманых, у іншых беларускіх гарадах было затрымана не менш за 90 чалавек. У ходзе акцыі ў Мінску ў ліку затрыманых апынуліся таксама журналісты, у тым ліку, прадстаўнікі замежных СМІ.

Как вам новость?