БДУ павялічыў набор больш чым на 600 чалавек

14.07.2010 08:57
Архив Редакция

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 2010 годзе плануе прыняць 7092 чалавек. Гэта больш чым на 600 чалавек болей, чым летась, распавялі ў вышэйшай навучальнай установе. Так, на дзённае бюджэтнае навучанне плануецца прыняць 2101 студэнта, на дзённае платнае навучанне (першая вышэйшая адукацыя) - 2712 студэнтаў, на дзённае платнае навучанне (другая вышэйшая адукацыя) - 29 студэнтаў.

На завочную форму навучання плануецца прыняць за кошт сродкаў бюджэту — 420 студэнтаў, на ўмовах аплаты — 1295 студэнтаў, на завочную форму навучання для атрымання другой вышэйшай адукацыі — 535 студэнтаў.

Яшчэ адной асаблівасцю гэтага года стала адкрыццё новых спецыяльнасцяў (напрамкаў і спецыялізацый). Сярод іх аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі, прыкладная інфарматыка (напрамкі — праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэмаў, інфармацыйныя тэхналогіі тэлекамунікацыйных сістэмаў, вэб-праграмаванне і камп’ютарны дызайн), менеджмент і іншыя, перадае БелТА.

Залічэнне на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту завершаць 1 жніўня, на завочную форму за кошт сродкаў бюджэту — 3 жніўня, а на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты — 6 жніўня.