Бэйран: інвестыцыйны клімат Беларусі нашмат палепшыўся

30.03.2010 12:37
Архив Редакция

Партнёр юрыдычнай кампаніі "Грынберг Траўрыг" Дэвід Бэйран на сустрэчы кіраўніцтва найбуйнейшых кампаній ЗША з прэм'ерам Беларусі Сяргеем Сідорскім заявіў, што амерыканскія бізнэсмэны адзначаюць станоўчыя змены ў інвестыцыйным клімаце Беларусі. "Відавочна, што інвестыцыйны клімат быў развіты істотным чынам за апошні час і стаў нашмат лепшым", — сказаў Дэвід Бэйран.

Амерыканскі бізнэсмэн таксама адзначыў, што сустрэча, якая адбылася 29 сакавіка, кіраўнікоў шэрагу амерыканскіх кампаній з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка «пацвярджае навочна, што цяпер гістарычны момант для аднаўлення адносін паміж нашымі краінамі», перадае БелТА.

Дэвід Бэйран падзякаваў беларускаму прэм’еру за магчымасць сустрэчы і абмеркавання пытанняў развіцця супрацоўніцтва. Па словах бізнэсмэна, вынікам стануць новыя інвестыцыі амерыканскага капіталу ў Беларусі. «Цяпер той час, каб аднаўляць пастаўкі беларускіх тавараў на амерыканскі рынак», — дадаў прадстаўнік кампаніі «Грынберг Траўрыг».

Сідорскі: ЗША і Беларусь знаходзяцца на правільным шляху выбудоўвання адносін праз эканоміку да палітыкі

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі выявіў зацікаўленасць Беларусі ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з амерыканскімі кампаніямі. «Я пазнаёміўся з некаторымі з вас на эканамічным форуме ў Лондане, затым адбылася наша сустрэча ў Мінску. Я гатовы падтрымліваць вашы праекты ў нашай краіне», — сказаў прэм’ер, звяртаючыся да бізнэсмэнаў.

Беларускі прэм’ер-міністр таксама звярнуў увагу на тое, што «Беларусь мае спрыяльныя ўмовы для інвеставання, больш за тое, краіна гатовая надаць дадатковыя прэферэнцыі асобным прадпрыемствам».

«Кожнаму інвестыцыйнаму праекту мы надаём адмысловую ўвагу. Мы зробім усе, каб вашы праекты былі паспяховымі ў нашай краіне», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі, дадаўшы, што шмат у чым гэтаму будзе спрыяць стварэнне Рады дзелавога супрацоўніцтва паміж краінамі.

Па меркаванні прэм’ера, цяпер ЗША і Беларусь знаходзяцца на правільным шляху выбудоўвання адносін праз эканоміку да палітыкі. «Да вызначанага часу Беларусь актыўна развівала адносіны з амерыканскімі кампаніямі. На высокім узроўні быў і таваразварот — каля 700 млн. даляраў», — нагадаў Сяргей Сідорскі.

«Мы выбудоўвалі планы эканамічнага развіцця не толькі на кароткатэрміновую, але і на доўгатэрміновую перспектыву. Але, нажаль, па палітычных матывах было спынена эканамічнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з амерыканскімі партнёрамі», — распавёў кіраўнік беларускага ўрада.

Сідорскі: Беларусь заўсёды аб’ектыўна ставілася да пытанняў, якія тычацца ўзаемаадносін з ЗША

Па словах прэм’ер-міністра, урад Беларусі падаў сігналы беларускім прадпрыемствам, каб яны не перарывалі сувязі, якія мелі з амерыканскімі кампаніямі.

«Асабліва гэта тычыцца супрацоўніцтва ў IT-сферы, тэхналогій нафтахімічнай, хімічнай прамысловасці. Мы ўвесь час падтрымлівалі кантакты з амерыканскімі кампаніямі, і мне прыемна, што амерыканскія кампаніі таксама з павагай ставіліся да беларускай эканомікі», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Беларускі прэм’ер таксама распавёў кіраўнікам найбуйнейшых кампаній ЗША пра дасягненні Беларусі ў машынабудаванні, IT-, нана- і біятэхналогіях, у касмічнай і іншых сферах. «Натуральна, мы маем патрэбу ў новых інвестыцыях», — сказаў Сяргей Сідорскі.

Прэм’ер нагадаў, што ЗША ў наш час з’яўляюцца вядучым інвестарам у Беларусі і знаходзяцца на трэцім месцы пасля Расіі і Літвы па колькасці створаных сумесных і замежных прадпрыемстваў (больш за 300).

Усяго за мінулы год у эканоміку Беларусі было прыцягнута 54 млн. даляраў амерыканскіх інвестыцый, у тым ліку 35 млн. даляраў прамых інвестыцый.

Как вам новость?
Головоломки