Беларусь — лідар у Еўропе па колькасці "шэрых" мабільнікаў

22.11.2010 14:48
Архив

У Беларусі ў 2010 годзе, па прагнозах дыстрыб'ютараў, будзе прададзена каля двух мільёнаў мабільных тэлефонаў. Два гады таму доля «шэрых» апаратаў у агульным аб'ёме продажаў дасягала 90%, цяпер - каля 60%. Аднак беларускі рынак мабільнікаў па колькасці нелегальна ўвезеных тэлефонаў па-ранейшаму з'яўляецца лідарам у Еўропе.

Васіль Сібірцаў, дыстрыб’ютар Nokia у Беларусі, называе мясцовы рынак «маленькім Клёндайкам» за вялікую колькасць «шэрых» мабільных прыладаў. У іншых краінах Еўропы, канстатуе спецыяліст, такога няма. «У краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Украіне ўсе апараты «белыя», — падкрэслівае Васіль Сібірцаў, перадаюць «Беларускія навіны».

Высокая доля «шэрых» тэлефонаў на беларускім рынку, паводле ацэнак дыстрыб’ютараў, тлумачыцца цэнавым фактарам. Пасля афіцыйнага афармлення і выплаты ўсіх падаткаў «белыя» тэлефоны становяцца даражэйшымі за «шэрыя» і па кошце прайграюць апошнім.

Аднак, як адзначаюць спецыялісты, у апошнія гады на беларускім рынку доля продажаў легальных апаратаў стала павялічвацца. Гэтаму спрыялі некалькі фактараў. Па-першае, продажам сотавых тэлефонаў актыўна заняліся мабільныя аператары. Найбольшае распаўсюджанне атрымаў продаж бюджэтных мабільных апаратаў у рамках спецыяльных акцый, калі кліенту наўзамен на дамову доўгатэрміновага абслугоўвання ў сетцы аператара прапануецца набыць тэлефон за невялікую суму.

Па-другое, попыт на «белыя» тэлефоны стымулюе продаж прыладаў у растэрміноўку. Таксама, адзначаюць эксперты, легалізацыі рынку спрыяе шырокае распаўсюджванне смартфонаў. Пры куплі такіх прылад спажывец усё часцей звяртае ўвагу на гарантыю, якая часцяком адсутнічае ў «шэрых» апаратаў.

Па словах Васіля Сібірцава, за апошні год доля нелегальных мабільнікаў паменшылася на беларускім рынку на 10-15%. «Мы чакаем, што да 2012 года доля «шэрых» мабільных тэлефонаў паменшыцца да 50%», — паведаміў Васіль Сібірцаў. На думку спецыяліста, перавагі беларускіх пакупнікоў будуць перамяшчацца ў бок «белых» тэлефонаў.