Беларусь — "сярэдзінка" ў СНД па росце прамвытворчасці і інфляцыі

03.08.2010 10:16
Архив Редакция

Па дадзеных Міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД Беларусь з паказчыкам 8,8% займае шостае месца сярод краінаў СНД па ўзроўні росту прамысловай вытворчасці. Самы высокі паказчык росту зафіксаваны ў Кыргызстане. Ён склаў 41,8%.

Такі хуткі тэмп прамысловай вытворчасці ў Кыргызстане за шэсць месяцаў тлумачыцца аднаўленнем ў гэтым годзе працы сістэмаўтваральнага залатаруднага прадпрыемства «Кумтор», паведамляе сайт АДС.

На другім месцы па тэмпе развіцця прамысловасці — Арменія (12,3%), трэцяе месца падзялілі Украіна і Таджыкістан (12%). У Казахстане прамысловая вытворчасць у перыяд са студзеня па чэрвень 2010 года вырасла на 11%, у Расіі — на 10,2%, ва Узбекістане — на 8%, у Малдове — на 6,6%, у Азербайджане — на 3,5%.

Сярэдні паказчык па СНД у першым паўгоддзі 2010 года вырас на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Дадзеныя аб дынаміцы прамысловай вытворчасці ў Туркменіі адсутнічаюць.

Сярэдні паказчык інфляцыі ў краінах СНД у студзені — чэрвені 2010 года ў параўнанні з аналагічным перыядам летась склаў 7%.

Інфляцыя ў Беларусі і Расіі ў першым паўгоддзі склала 6,6%. Самы высокі ўзровень інфляцыі ў студзені — чэрвені 2010 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года назіраўся ва Украіне (9,8%), самы нізкі — у Кыргызстане (2,9%). Інфляцыя ў Арменіі зафіксаваная на ўзроўні 7,3%, у Казахстане — 7,1%, у Таджыкістане — 5,3%, у Малдове — 6,9%, Азербайджане — 4,9%. Дадзеныя па Туркменістану і Узбекістану адсутнічаюць.

У сярэднім па СНД за месяц (у параўнанні з траўнем 2010 года) інфляцыя не вырасла. Самая высокая інфляцыя ў чэрвені назіралася ў Таджыкістане — 0,6%. У Азербайджане, Арменіі, Малдове і Украіне назіралася дэфляцыя.

Как вам новость?
Головоломки