Беларусь абвінаваціла мытню Расіі ў парушэнні Мытнага кодэксу МС

27.08.2010 08:59
Архив Редакция

Беларускія ўлады абвінавацілі мытныя органы Расіі ў парушэнні Мытнага кодэксу Мытнага саюза. Як заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка, падставай для прэтэнзіі паслужыла "ўзмацненне жорсткасці кантролю на межах з Беларуссю і Казахстанам з расійскага боку".

Па словах намесніка міністра, пасля ўступлення ў сілу Мытнага кодэксу «расійскі бок адначасова кіраваўся гэтым дакументам і сваімі ўнутранымі рэгламентамі, якія ў пэўнай ступені супярэчылі Мытнаму кодэксу», перадае ПРАЙМ-ТАСС.

«У прыватнасці, пры немагчымасці вызначэння статусу тавараў, што ўвозяцца на тэрыторыю Расіі з Беларусі, расійскія мытныя органы не прызнаюць іх таварамі Мытнага саюза, ужываючы меры мытнага рэгулявання, устаноўленыя ў адпаведнасці са сваімі ўнутранымі інструкцыямі. Казахстанскі бок адзначае, што расійскія мытнікі патрабуюць паўторнай выплаты мытнай пошліны, калі заяўнік не можа пацвердзіць паходжанне тавару», — растлумачыў Еўдачэнка сутнасць прэтэнзіі.

Акрамя таго, прадстаўнік беларускага МЗС паведаміў, што дадзенае пытанне па ініцыятыве беларускага боку было вынесена на абмеркаванне Камісіі Мытнага саюза 17 жніўня. «Мы дэталёва разгледзелі гэтае пытанне, — распавёў Андрэй Еўдачэнка. — Першым віцэ-прэм’ерам РФ Ігарам Шувалавым на Камісію быў выкліканы кіраўнік Федэральнай мытнай службы Расіі Андрэй Бельянінаў, з якім дадзенае пытанне было дэталёва разабрана. У выніку проста ў рамках паседжання Камісіі быў падрыхтаваны ўзгоднены дакумент, які абавязвае мытнікаў у поўным аб’ёме выконваць Мытны кодэкс Мытнага саюза».

Па словах намесніка міністра, увечары таго ж дня на расійскія рэгіянальныя мытні паступіў дырэктыўны ліст кіраўніка ФМС Расіі, у якім утрымлівалася патрабаванне прывесці ўсё ў адпаведнасць з падпісанымі дакументамі.

«На расійска-беларускай мяжы былі зробленыя пэўныя карэкціроўкі, але па-ранейшаму асобныя элементы неадпаведнасці Мытнаму кодэксу маюць месца. Расійскі бок абяцае ліквідаваць ў найбліжэйшы час усе гэтыя недахопы», — дадаў Еўдачэнка.

Как вам новость?